Нігерыя вывела на рынак новы гатунак нафты
- 9.04.2026, 5:35
Першую партыю краіна ўжо адправіла ў Нідэрланды.
Дзяржаўная нафтавая кампанія Нігерыі NNPC у сераду паведаміла пра адпраўку першай партыі новага гатунку лёгкай нафты Cawthorne. Пра гэта паведамляе Reuters.
Прыкладна 950 тысяч барэляў экспартавалі ў Нідэрланды з плаўучага сховішча на тэрмінале Cawthorne ў Нігерыі.
З’яўленне новага гатунку стала чарговым этапам у абнаўленні прадуктовай лінейкі — раней кампанія ўжо вывела на рынак маркі Nembe і Utapate. У NNPC гэта называюць часткай больш шырокай стратэгіі па дыверсіфікацыі партфеля экспартных нафтавых сумесей краіны.
Паводле дадзеных АПЕК, у сакавіку Нігерыя здабывала прыкладна 1,4 млн барэляў нафты ў суткі — гэта значна ніжэй за яе вытворчыя магчымасці.
Як адзначыў кіраўнік NNPC, вывад на рынак новых гатункаў нафты павінен дапамагчы краіне павялічыць здабычу да 3 млн барэляў у суткі ўжо да 2030 года.