BE RU EN

Камень у агарод Лукашэнкі

  • 9.04.2026, 8:31

Менавіта правіцель пладзіць «ценявых дармаедаў».

На праўладным тэлеканале ОНТ прагучала заява пра тое, што ў Беларусі пачынаецца барацьба са «схаваным або нават ценявым дармаедствам». Прапагандыст, паўтараючы наратывы правіцеля пра тое, што кадраў у Беларусі, маўляў, хапае, трэба толькі іх эфектыўна размеркаваць, знайшоў вінаватых у сітуацыі, якая склалася. І гэта, як няцяжка здагадацца, беларусы, піша «Салідарнасць».

«Эканамічна прадпрыемству ён не патрэбны, а яно яму зарплату плаціць, але звольніць не вельмі можа, нават калі хоча», — заявіў прапагандыст.

Справа, на ягоную думку, у тым, што дзяржава празмерна клапоціцца пра сваіх грамадзян, бо Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава. А калі б павольнялі ўсіх непатрэбных супрацоўнікаў ды адправілі на заводы і ў малочна-таварныя комплексы — тады і кадравыя дзіркі закрылі б, і «ценявое дармаедства» ліквідавалі.

Найцікавейшае, што гэтымі прамовамі прапагандыст хацеў прайсціся па быццам бы лянівых беларусах, а фактычна — закінуў нехілы каменьчык у агарод свайго патрона. Бо менавіта Лукашэнка хваліцца і ганарыцца тым, што «захаваў прадпрыемствы», у тым ліку глыбока стратныя, і загадаў дырэктарам тых самых прадпрыемстваў «паміраць, але людзям зарплату плаціць».

І менавіта пры Лукашэнку ў штаце не толькі дзяржаўных устаноў, але і камерцыйных фірмаў з’явіліся непатрэбныя з пункту гледжання дададзенай вартасці прадукта, эфектыўнасці працы і любых іншых эканамічных паказнікаў супрацоўнікі — намеснікі па ідэалогіі, нярэдка прызначаныя «адкуль трэба». Калі скараціць гэтыя адзінкі, уяўляеце, колькі бюджэтных і не толькі грошай вызваліцца на карысныя мэты?

Праўда, з адной парадай прапагандыста цяжка не пагадзіцца. Шкоды не будзе, а карысць магчыма, калі звольніць яго і калег-прапагандыстаў і адправіць працаваць — не, не на завод і не да бурэнак: там усё ж патрэбныя кваліфікацыя і адказнасць, а, груба кажучы, «мяхі цягаць».

То-бок у тыя сферы, дзе ўлады любяць выкарыстоўваць добраахвотна-прымусовую працу (хаця б на азеляненне, кашэнне травы і збор камянёў у палях).

Не кажучы ўжо пра тое, што прапагандысты на ўласнай скуры адчуюць, якія ўмовы гэтай працы і ці можна пражыць на заробак 5 рублёў у гадзіну за прыбіранне камянёў, як яны любяць раіць беларусам. Ды і сацпакета іх ніхто не пазбавіць. Суцэльны профіт!

Апошнія навіны