Генералы не вераць Лукашэнку
- Telegram-канал «Лісты да дачкі»
- 9.04.2026, 11:03
Кіраўнік баіцца ўласнай жа стабільнасці.
Увечары ў аўторак Трамп паабяцаў знішчыць вялікую іранскую цывілізацыю. У ноч на сераду Трамп паабяцаў Ірану новы Залаты век і сказаў, што ў іх пачалося перамір'е. Яно, праўда, у тую ж сераду ледзь не скончылася. Бо ў гэтай вайне ўсе так перамаглі, што кожны прайграў.
Іран кажа, што ён перамог, бо выжыў, а Трамп проста кажа, што ён перамог. Ці проста таму, што ён Трамп. І на гэтай падставе кожны з бакоў патрабуе поўнай і безагаворачнай капітуляцыі праціўніка з анексіямі і кантрыбуцыямі.
У прынцыпе нічога, вядома, не перашкаджае зрабіць выгляд, што праціўнік ужо безагаворачна капітуляваў. Але, пагадзіся, крышачку цяжэй зрабіць выгляд, што табе заплацілі кантрыбуцыі, калі ты іх сам плаціш. Хаця для абодвух бакоў у гэтым няма нічога немагчымага.
Вось расійскія ўлады так пераканаўча рабілі выгляд, што гэта яны перамагаюць у іранскай вайне, што, здаецца, нават самі ў гэта паверылі. Праўда, не змаглі пераканаць у гэтым расійскі бюджэт. За тры месяцы дэфіцыт бюджэту ўжо перавыканаў гадавы план. Прычым з вельмі вялікім адрывам.
А ў тэлевізары ўсіх перамог гарант, у якога тэрмін мінае. Бо гарант, у якога тэрмін мінае, у сябе ў тэлевізары заўсёды перамагае. Асабліва там, дзе ён не ўдзельнічае.
Таму тэлевізар цяпер тлумачыць, як ён засвоіць урокі іранскай вайны і асвоіць прынцыпы іранскай перамогі. Хоць наўрад ці гаранту, у якога тэрмін мінае, і сведкам ягонай стабільнасці падыходзяць прынцыпы іранскай перамогі.
Бо іранская стабільнасць, вядома, выжыла. Але яе галоўны гарант — не. І разам з ім не выжыла яшчэ шмат іншых гарантаў. Прычым пераважна найвышэйшага кіраўнічага звяна.
І я вельмі сумняваюся, што гаранта беларускай стабільнасці і яе сведкаў з найвышэйшага кіраўнічага звяна цікавіць стабільнасць, калі ў гэтай стабільнасці іх саміх не будзе. Бо трыццаць гадоў яны рыхтаваліся не да мучаніцтва, а зусім наадварот.
Таму, калі хтосьці кажа, што генералы адпомсцяць за яго ворагу непрымальным уронам, гэта ён, вядома, кажа згарача. Ён не такі ўжо наіўны, каб верыць уласным словам. А галоўнае, што генералы ягоным словам не вераць.
Хоць, вядома, робяць выгляд, што абавязкова адпомсцяць. Абавязкова. Самым непрымальным уронам. З усіх гармат. За намі не заржавее. Вы нават не сумнівайцеся. Вось як толькі, дык адразу, каб усе сышлі пакрыўджанымі. Галоўнае, каб было за што помсціць. Таму вы толькі дайце падставу, га? Калі ласка. А мы ўжо тады і парадзеем. Косткамі ляжам.
Telegram-канал «Лісты да дачкі»