Перамір’е ў Іране: што далей?
- Міхаіл Крутыхін
- 9.04.2026, 14:16
У Пекіне не маглі не турбавацца з нагоды вайны на Блізкім Усходзе.
Магчыма, згоду прэзідэнта ЗША на двухтыднёвае перамір’е ў Іране варта разглядаць з пункту гледжання глабальнай палітыкі. Не выключана, што спыненне агню стала вынікам дзеянняў другой вялікай дзяржавы свету — Кітая.
У Пекіне не маглі не турбавацца з нагоды вайны на Блізкім Усходзе. Яна, відавочна, стварала Кітаю нямала нязручнасцяў — і ў палітычным, і ў эканамічным плане: такіх, напрыклад, як патрэба імпартаваць нафту і газ па завышаных цэнах і расходаваць назапашаныя «на чорны дзень» нафтавыя рэзервы. Ваенна-палітычнае ўмацаванне пазіцый ЗША ў рэгіёне і магчымасць фарміравання там новага, больш устойлівага праамерыканскага альянсу арабскіх краін таксама не магло не непакоіць Пекін, бо гэта ўдарыла б па інтарэсах кітайцаў.
Але самім кіраўнікам Кітая было не з рукі публічна выходзіць на сцэну з ініцыятывамі, і яны выпусцілі свайго даўняга саюзніка — Пакістан, кіраўніцтва якога, напэўна, намекнула амерыканцам, а можа, нават і наўпрост папярэдзіла, што ў Пекіне не проста трывожацца з нагоды змены балансу сіл на Блізкім Усходзе, але і могуць пачаць дзейнічаць.
У якасці прыкладу такіх дзеянняў пакістанцы прадэманстравалі гатоўнасць самім уступіць у вайну на баку Саудаўскай Аравіі — не толькі ў ролі нефармальнага прадстаўніка Пекіна, але і як краіна, што валодае ядзернай зброяй. Стратэгічны саюз з саудаўцамі цалкам дае Ісламабаду такую магчымасць. Пакістанскія афіцэры і інструктары дзесяцігоддзямі ўдзельнічаюць у будаўніцтве і дзейнасці саудаўскіх узброеных сіл — і гаворка ідзе не толькі пра навучанне, але і пра фактычнае ўзмацненне абараназдольнасці каралеўства. А Саудаўская Аравія разглядае ядзерны патэнцыял Пакістана як парасонік на выпадак пагроз з боку Ірана, хаця афіцыйна пра гэта, вядома, не заяўляе. У адказ саудаўцы прапануюць ільготныя ўмовы ў гандлі нафтай і інвестуюць у эканоміку Пакістана.
Пераспектыва перарастання рэгіянальнага канфлікту да ўзроўню ваеннага супрацьстаяння з ядзерным падтэкстам (дзеля знішчэння якога, уласна, і затівалася ваенная аперацыя) дала Дональду Трампу дастаткова падстаў для спынення ўдараў па Іране.
Ёсць спакуса зрабіць відавочную выснову: кітайцы пагразілі амерыканцам пальчыкам, і тыя паспешліва адступілі, не скончыўшы распачатае.
У Злучаных Штатах могуць святкаваць перамогу. Знішчэнне ваеннага патэнцыялу Ірана — дастатковая падстава, каб абвясціць планы ваеннай кампаніі выкананымі і нават перавыкананымі. Можна абвясціць галоўным дасягненнем адкрыццё суднаходства ў Армузскім праліве, хоць папярэдняя пазіцыя Вашынгтона заключалася ў тым, што гэты праліў наогул не адыгрывае ніякай ролі ў забеспячэнні нацыянальных інтарэсаў ЗША.
Што да перамоваў, якія, судзячы з першых паведамленняў, будуць весціся вакол іранскіх умоў, а не амерыканскіх патрабаванняў капітуляцыі ісламскага рэжыму, дык дыпламатычная актыўнасць ізноў сканцэнтруецца на імітацыі дыялогу, бо пазіцыі бакоў абсалютна непрымірымыя.
За двухтыднёвым раундам перамоваў, калі ўлічыць звыклыя паводзіны амерыканскага прэзідэнта, паследуюць іншыя раунды і, магчыма, новыя ўльтыматумы з новымі адтэрміноўкамі рэалізацыі пагроз.
Гэта цалкам задавальняе іранскі рэжым, які таксама святкуе перамогу. Пра абяцанні Трампа прыйсці на дапамогу паўсталаму насельніцтву можна часова забыцца. Даходы ад экспарту нафты — з перспектывай зняцця санкцый — і магчымыя даходы ў выглядзе платы за карыстанне Армузскім пралівам дапамогуць прафінансаваць і аднаўленне эканомікі, пацярпелай ад вайны, і дапамогу тэрарыстам па ўсім Блізкім Усходзе.
Арабскія дзяржавы рэгіёна пакуль не атрымліваюць таго, да чаго імкнуліся, то-бок ліквідацыі гнязда напружанасці і тэрарызму ў асобе шыіцкіх уладаў Ірана. Перажыць гэты правал ім дапаможа аднаўленне экспарту нафты і звадкаванага газу, хаця ў доўгатэрміновай перспектыве яны напэўна пачнуць аналізаваць магчымасці стварыць альтэрнатыўныя маршруты паставак вуглевадароднай сыравіны — у тым ліку і праз тэрыторыю Ізраіля.
Часовую паразу можна ўбачыць для Ізраіля, якому варта чакаць новых іранскіх правакацый па меры новага ўмацавання тэгеранскага рэжыму.
Застаецца спадзявацца, што змучанае дыктатурай багасловаў і эканамічнымі праблемамі насельніцтва Ірана калісьці ўсё ж вырашыцца на пратэсты, здольныя перарасці ў паўстанне, а новыя залпы іранскіх ракет стануць падставай для новай ваеннай аперацыі ў адказ.
Міхаіл Крутыхін, The Moscow Times