У Гомелі канфіскавалі з крамы «Кіндэр-сюрпрызы»
- 9.04.2026, 15:52
Салодкасці прызналі «вырабамі з недружалюбных краін»
Парушэнні ў крамах Мінскай вобласці і Гомеля выявіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРТ). Сярод прэтэнзій — завышэнне цэн на некаторыя прадукты, продаж пратэрмінаваных тавараў і забароненых салодкасцяў «з недружалюбных краін».
З праверкай прыйшлі ў гандлёвы комплекс «Валер'янава» ў Мінскай вобласці. Там у дзвюх кампаній выявілі завышэнне гандлёвых надбавак.
«ООО «Мишико» прадавала агуркі па цане 9,90 рубля за кг замест 4,04 рубля, сфармаванай у адпаведнасці з заканадаўствам, свежыя памідоры — па 19,38 рубля за кг замест 15,04 рубля, цыбулю рэпчатую — па 6,41 рубля за кг замест 4,75 рубля. ООО «Фрукты Мира» прадавала апельсіны па цане 24 рублі за кг замест 8,83 рубля, цытрыны і памэла — па 19,90 рубля замест 8,41 і 4,98 рубля адпаведна», — паведамілі ў МАРТ.
Эканамічны суд Мінскай вобласці аштрафаваў кампаніі. «Мишико» — на 10,6 тысячы рублёў, а «Фрукты Мира» — на 1,35 тысячы рублёў.
Акрамя таго, МАРТ праверыў крамы ў Нясвіжы і Нясвіжскім раёне. У трох крамах выявілі 17 найменняў тавараў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці — ад каўбас да шакаладных канфет і гідрагеляў для раслін. У выніку там забаранілі прадаваць тавары на агульную суму каля 1,3 тысячы рублёў, у тым ліку каўбасныя вырабы вагой больш за 39 кг.
У Гомелі праверылі крамы «Сладко и точка», а таксама «Тортодел». Там знайшлі забароненыя «Кіндэр-сюрпрызы» — шакаладныя яйкі з цацкай унутры.
«Прысечана рэалізацыя кандытарскіх вырабаў з недружалюбных краін на суму звыш 3,5 тысячы рублёў», — растлумачылі ў МАРТ.