У Брэсцкай вобласці ліквідавалі ўсе грэка-каталіцкія прыходы
- 9.04.2026, 17:55
Вернікі пазбаўлены магчымасці праводзіць набажэнствы.
У Вярхоўным судзе Беларусі 9 красавіка адбылося пасяджэнне па разглядзе скаргі грэка-каталіцкага прыхода ў Брэсце на рашэнне Брэсцкага абласнога суда аб ліквідацыі прыхода. На жаль, скаргу не задаволілі — прынята канчатковае рашэнне аб пазбаўленні супольнасці рэгістрацыі як рэлігійнай арганізацыі, піша Katolik.life.
Пра гэта даведаліся вернікі, але ні структуры Каталіцкага Касцёла, ні дзяржаўныя органы не паведамлялі пра ліквідацыю прыхода Святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце.
Больш за тое, рашэннем мясцовых уладаў быў ліквідаваны таксама грэка-каталіцкі прыход Святых Кірыла і Мяфодзія ў Баранавічах. Такім чынам ліквідаваныя ўсе тры рэлігійныя арганізацыі грэка-каталікоў (уніятаў) у Брэсцкай вобласці разам з прыходам у Івацэвічах, які раней не прайшоў перарэгістрацыю.
Сітуацыя супольнасцяў у Брэсце і Баранавічах асаблівая. Калі прыход у Івацэвічах, як і многія рымска-каталіцкія супольнасці, не прайшоў перарэгістрацыю ў 2025 годзе і падаў заяву аб ліквідацыі арганізацыі, то ў гэтым выпадку працэс ліквідацыі адбываўся праз суд.
Падрабязнасці вернікам невядомыя. Але выглядае, што супольнасці не згаджаліся з ліквідацыяй, таму такія рашэнні прынялі мясцовыя ўлады, а вернікі абскардзілі гэтыя рашэнні ў судзе.
Дакладная афіцыйная прычына ліквідацыі невядомая, аднак у адным з рашэнняў вернікі заўважылі фармулёўку пра нібыта «пагрозу нацыянальным інтарэсам».
Скаргу падаваў і прыход у Баранавічах, але вынік вернікам невядомы — найхутчэй, таксама атрымалі адмову. Цяпер супольнасць удзельнічае ў рымска-каталіцкіх імшах у касцёле.
Пасля ліквідацыі арганізацый грэка-каталікі не могуць арганізоўваць набажэнствы ў візантыйскім абрадзе і самастойна збірацца на малітву ў сваіх храмах. Пытанне з маёмасцю прыходаў пакуль вырашаецца — верагодна, давядзецца рэгістраваць будынкі храмаў на прыватных асоб.
Наколькі вядома вернікам, грэка-каталікі Брэсцкай вобласці спадзяюцца, што будзе дасягнута дамоўленасць служыць літургіі ў візантыйскім абрадзе ў мясцовых каталіцкіх храмах. І не губляюць надзеі, што ў будучыні змогуць нанова зарэгістраваць прыходы.
Прыкметна, што такія працэсы адбыліся пры новым Апостальскім нунцыі (дыпламатычным прадстаўніку) Ватыкана ў Беларусі архібіскупе Іньяцыё Чэфалія (на галоўным фота), які сам з’яўляецца грэка-каталіком — святаром візантыйскага абраду Італа-Албанскага Каталіцкага Касцёла.