Арына Сабаленка зноў застанецца без Porsche
- 9.04.2026, 18:20
Беларуская тэнісістка не выступіць на турніры ў Штутгарце.
Першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка адмовілася ад удзелу ў грунтавым турніры WTA-500 у Штутгарце з-за траўмы. Турнір пачнецца 13 красавіка.
«З засмучэннем паведамляю, што не змагу прыняць удзел у турніры», — напісала Арына ў сацыяльных сетках. Яна адзначыла, што заўсёды з радасцю прыязджала ў Штутгарт, ёй падабалася атмасфера, фанаты, падтрымка… Але сёлета яе ў гэтым нямецкім горадзе не будзе.
«На жаль, пасля Маямі я атрымала траўму, — паведаміла Арына. — Мне не ўдалося поўнасцю аднавіцца да старту турніру». Не магла яна не згадаць і пра галоўны прыз турніру — аўтамабіль Porsche: «Спадзяюся, што ў мяне яшчэ будзе шанец пазмагацца за Porsche».
Так, у Штутгарце Сабаленка яшчэ ні разу не перамагала, пра што вельмі шкадавала. Але перамагала ў іншых месцах і проста купіла сабе Porsche і не толькі.
Сабаленка не зможа абараніць 325 ачкоў за леташні фінал, але пакуль гэта ніяк не паўплывае на яе пазіцыю ў рэйтынгу. Затое ў лепшы бок паўплывае тое, што яна падоўжыць адпачынак. Эканомія сіл, каб падысці ў лепшай форме да больш важных турніраў, — новая тактыка Сабаленкі. Так, пасля месячнага адпачынку яна перамагла на турнірах у Індыян-Уэлсе і Маямі.
Наперадзе грунтавыя турніры WTA-1000 у Мадрыдзе і Рыме, якія пройдуць у канцы красавіка і на пачатку мая. А затым яе чакае барацьба на «Ралан Гарос».