BE RU EN

«Ідэолаг у штаце яму замінаў»

  • 9.04.2026, 21:03

Прапагандысты звязалі затрыманні ў студыі ZROBIM architects з допісам яе заснавальніка ў сацсетках.

Затрыманні ў мінскім офісе вядомай архітэктурнай студыі ZROBIM architects, пра якія 9 красавіка даведалася «Зеркало», нібыта звязаныя з паведамленнем у сацсетках яе заснавальніка Андрэя Макоўскага, які распавёў пра патрабаванне ўзяць у штат ідэолага. Пра гэта пішуць у адным з блізкіх да сілавікоў тэлеграм-каналаў.

Як даведалася «Зеркало» ад двух не звязаных паміж сабой крыніц, раніцай 9 красавіка сілавікі прыйшлі ў мінскі офіс вядомай архітэктурнай кампаніі ZROBIM architects. Паводле нашай інфармацыі, былі затрыманыя ўсе супрацоўнікі, якія знаходзіліся на месцы, — гэта каля 50 чалавек. У тым ліку заснавальнік кампаніі — Андрэй Макоўскі (псеўданім — Андрусь Bezdar).

Паводле версіі прапагандыстаў, затрыманні звязаныя з допісам, які Андрэй Макоўскі каля месяца таму апублікаваў у Threads.

Нагадаем, тады прадпрымальнік напісаў у сацсетках, што ў кампанію прыйшоў ліст «з указаннем узяць у штат ідэолага». Ад каго менавіта паступіла такое распараджэнне, ён не ўдакладніў, але адзначыў, што ліст прыйшоў «ад дзяржаўных органаў».

— У прыватную кампанію!!! Ах ужо гэты цудоўны новы свет, — піша заснавальнік архітэктурнага бюро. Праўда, ніякай відавочнай крытыкі гэтага распараджэння з яго боку не прагучала.

Тым не менш, як вынікае з заяў прапагандыстаў, допіс Макоўскага расцанілі як незадаволенасць тым, што «ідэолаг у штаце яму замінаў».

«Ну і вынік сябе доўга чакаць не прымусіў. Проста там, дзе няма ідэолагаў, — змагарства („змагарамі“ улады і прапаганда называюць палітычных апанентаў. — Заўв. рэд.) пачынае расці, як цвіль, даводзіцца больш радыкальнымі сродкамі наводзіць парадак», — пішуць аўтары блізкага да сілавікоў тэлеграм-канала.

Яны сцвярджаюць, што калі б Макоўскі не выказаўся ў Threads, «глядзіш, і абышлося б менш радыкальным умяшаннем».

Афіцыйных каментароў наконт затрыманняў у студыі пакуль не паступала.

Нагадаем, упершыню пра тое, што выканкамы рассылаюць па прыватных кампаніях Мінска лісты з патрабаваннем паведаміць пра наяўнасць «ідэолагаў» у штаце, «Зеркало» пісала ў жніўні 2025 года. Тады ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска распавялі, што «ў любым выпадку такі супрацоўнік у вас павінен быць». І хоць у выпадку адмовы штраф не прадугледжаны, але «вы ж разумееце, што мы ад вас не адстанем», — казала тады чыноўніца.

Апошнія навіны