Беларусы заклікалі да байкоту прадукцыі «Камунаркі»
- 9.04.2026, 21:17
Прадпрыемства выпусціла шакалад «Губопаўскі» і прарэкламавала яго ў сацсетках.
Відэарэклама новага шакаладу, названага ў гонар галоўнай карніцкай структуры рэжыму Лукашэнкі, з’явілася ў сацыяльных сетках кандытарскай фабрыкі «Камунарка».
У «крэатыўным» рэкламным роліку чалавек у цывільным звяртаецца да «бандытаў, карупцыянераў і экстрымістаў». Прадстаўлены ім шакалад, паводле яго слоў, «пазбавіць ад дрэнных думак, карысны для мозгу і падніме настрой».
Само прадпрыемства лічыць, што гэта «ідэальная рэклама», перадае «Наша Ніва».
Праўда, энтузіязму ад патэнцыйных пакупнікоў пакуль не відаць: у Threads пост з ролікам за 7 гадзін сабраў усяго 4 лайкі і 4 каментары. Усе яны адмоўныя:
«Выдатны прыклад, як адзін недалёкі СММшчык можа абнуліць усе намаганні вытворцаў»;
«Якая агіднасць. Спадзяюся, гэта ўбачыць як мага больш людзей, і яны больш ніколі нічога не будуць у вас купляць;
«Пакуль-пакуль, цяпер родных будзем прасіць прывозіць толькі Спартак».