Патрыярх Кірыл у красавіку павіншаваў вернікаў са святам, якое адзначаюць у студзені
- 9.04.2026, 21:33
І гэта не была агаворка.
Патрыярх Рускай Праваслаўнай Царквы Кірыл падчас казані 9 красавіка павіншаваў вернікаў з Багаяўленнем (Хрышчэннем), якое адзначаецца ў студзені. На гэта звярнула ўвагу расійская журналістка і аўтарка Telegram-канала «Праваслаўе і зомбі» Ксенія Лучэнка.
Па яе словах, Кірыл прамовіў «доўгую, дакладную, энергічную казань пра Хрышчэнне, сёння, у Вялікі чацвер».
«Асабліва, вядома, захапляльна назіраць за людзьмі навокал... нават слоў не падабраць», — напісала Лучэнка.
У допісе яна разважае, ці скасуюць пасля гэтага трансляцыі патрыяршых богаслужэнняў.
«Але ўвогуле гэты фарш назад цяжка пракруціць — столькі гадоў усё транслявалі і публікавалі», — адзначыла яна, дадаўшы, што ўжо заўважала ў патрыярха кагнітыўныя праблемы.