Уніжэнне для Лукашэнкі стала нормай
- Марк Дзюба, «Салідарнасць»
- 10.05.2026, 9:27
Дыктатар слукавіў, прысмыкаючыся ў Маскве.
9 мая ўкраінскія войскі ўсё ж не нанеслі ўдару па Чырвонай плошчы. Аляксандр Лукашэнка, які прысутнічаў на парадзе ў Маскве, паспрабаваў зрабіць выгляд, што не хваляваўся, ды і ўвогуле прыехаў бы, нават калі б яго не выклікаў Уладзімір Пуцін.
Пасля наводзячага пытання ад прадстаўніка прапагандысцкага тэлеканала «Расія» кіраўнік Беларусі заявіў:
— Нават калі б і не запрасілі, я б прыехаў на сваю Чырвоную плошчу. У сваю Маскву. Я нарадзіўся, калі Масква была сталіцай.
На пытанне, ці спакойна сябе адчувае Лукашэнка, «нягледзячы на тое, што адбываецца вакол», дыктатар адказаў:
— Я заўсёды быў спакойны, і сёння тым больш. Усё будзе нармальна. Усе хочуць жыць.
Можна канстатаваць, што Лукашэнка чарговы раз адпрацаваў павестку расійскай прапаганды і нават болей. Справа ў тым, што яшчэ зусім нядаўна кіраўнік адчайна змагаўся за сваё права не лятаць 9 мая на парады ў Маскву, а адзначаць дату ў Мінску.
Парады ў расійскай сталіцы Лукашэнка прапускаў пастаянна. Адсутнасць на ўрачыстасцях з нагоды 70-годдзя Перамогі ў Маскве ў 2015 годзе ён растлумачыў тым, што «заняты дома».
У 2019-м Лукашэнка і ўвогуле заявіў, што лідары постсавецкіх дзяржаў павінны часцей збірацца на Дзень Перамогі не ў Маскве, а ў Мінску. Што да адсутнасці на парадзе ў Расіі, тады ён заявіў:
— Па-першае, мяне сёння ніхто не запрашаў у Маскву, па-другое, нават калі б запрасілі, было б складана развесці гэтыя мерапрыемствы.
Цяпер жа кіраўнік спрабуе пераканаць у зусім адваротным: маўляў, ён і без запрашэння Крэмля з’явіўся б на Чырвоную плошчу на фоне пагрозаў Уладзіміра Зяленскага. Відавочнае лукаўства з боку кіраўніка.
Рэальнасць у тым, што пасля падзей 2020 года Лукашэнка апынуўся ў моцнай залежнасці ад Пуціна і больш не можа прапускаць парады ў Маскве. Цяпер для яго гэта надзвычай напружаны дзень: з расійскай сталіцы кіраўнік мчыцца на мерапрыемствы ў Мінск.
Тое, што раней Лукашэнка лічыў ледзь не прыніжэннем, стала для яго нормай.
Марк Дзюба, «Салідарнасць»