За арбітай Плутона знайшлі дзіўны аб’ект з атмасферай
- 10.05.2026, 12:45
Навукоўцы збянтэжаныя.
Астраномы выявілі атмасферу там, дзе яе не павінна было б быць, — на ледзяным аб’екце далёка за арбітай Плутона. Гэта знаходка ўжо справакавала заклікі да тэрміновага правядзення дадатковых назіранняў.
Японскія навукоўцы знайшлі прыкметы вельмі тонкай атмасферы вакол гэтага цела, якое знаходзіцца ў паясе Койпера — халоднай знешняй вобласці Сонечнай сістэмы. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным 4 мая ў часопісе Nature Astronomy, паведамляе выданне Live Science.
Аб’ект пад назвай (612533) 2002 XV93 паводле ўсіх разлікаў павінен быў бы быць занадта малы і халодны, каб утрымліваць атмасферу. Яго дыяметр каля 500 кіламетраў — гэта крыху больш, чым даўжыня Гранд-Каньёна. Ён больш як у чатыры разы меншы за Плутон, які раней лічыўся адзіным целам за арбітай Нептуна з атмасферай у нашай сістэме.
Новыя даныя ставяць пад сумнеў папярэднія ўяўленні пра тое, якія аб’екты здольныя мець атмасферу. У той жа час апублікаваныя вынікі пакуль патрабуюць незалежнага пацвярджэння. Некаторыя навукоўцы ўжо выказалі зацікаўленасць у правядзенні дадатковых назіранняў з дапамогай касмічнага тэлескопа Джэймса Вэба, каб праверыць наяўнасць атмасферы ў згаданым аб’екце.
«Гэта надзвычай цікавае адкрыццё, але яно востра патрабуе незалежнай праверкі», — адзначыў планетолаг Алан Стэрн, які не прымаў удзелу ў даследаванні. Паводле яго слоў, калі вынікі пацвердзяцца, наступствы будуць вельмі значнымі.
Незвычайны ледзяны шар
Даследчыкі назіралі за (612533) 2002 XV93 у студзені 2024 года, калі ён праходзіў перад далёкай зоркай. Назіранні праводзіліся з трох пунктаў у Японіі з удзелам як прафесійных астранамоў, так і аматараў. Даныя паказалі аслабленне святла — паступовае змяншэнне яркасці зоркі, што можа сведчыць пра наяўнасць атмасферы.
Паводле слоў аднаго з аўтараў даследавання Ко Арымацу, на краі ценю аб’екта назіралася плаўнае змяненне яркасці, якое доўжылася прыблізна 1,5 секунды. Такі эфект можна растлумачыць тым, што святло зоркі праламлялася ў вельмі тонкай атмасферы вакол аб’екта.
Атрыманыя на гэты момант вынікі паказваюць, што гэтая атмасфера надзвычай разрэджаная — у 5–10 мільёнаў разоў танчэйшая за зямную, таму яна не можа падтрымліваць жыццё. Да таго ж, верагодна, яна не з’яўляецца пастаяннай: разлікі паказваюць, што без папаўнення газу яна знікне менш чым за тысячу гадоў.
Адкрыццё ўзнімае пытанне пра тое, як увогуле магла ўтварыцца атмасфера вакол такога малога і халоднага цела. Папярэднія назіранні паказалі, што на яго паверхні няма замерзлых газаў, якія маглі б выпарацца і ствараць атмасферу. Таму навукоўцы мяркуюць, што яе могуць падтрымліваць крыявулканы — ледзяныя структуры, якія выкідваюць газы вонкі.
Іншы варыянт — сутыкненне з іншым ледзяным аб’ектам, напрыклад каметай, якое магло прывесці да вызвалення газаў і фарміравання атмасферы. Далейшыя назіранні, асабліва з дапамогай тэлескопа Джэймса Вэба, які спецыялізуецца на даследаванні атмасфер далёкіх светаў, могуць дапамагчы вырашыць гэтую загадку.
Як адзначае Арымацу, менавіта таму далейшы маніторынг згаданага аб’екта мае надзвычайна вялікае значэнне. Калі атмасфера знікне на працягу наступных гадоў, гэта пацвердзіць версію сутыкнення. Калі ж яна захаваецца або будзе змяняцца сезонна, гэта будзе сведчыць пра пастаянную ўнутраную крыніцу газаў.