BE RU EN

«Усе былі ў шоку»: у войска забралі 22-гадовага футбаліста зборнай Беларусі

  • 10.05.2026, 13:19

Гэта адбылося нечакана для каманды.

Фарвард «Іслачы» Уладзімір Хвашчынскі пракаментаваў прызыў абаронцы гэтага клуба і зборнай Беларусі Івана Ціхамірава на тэрміновую службу. Паводле слоў нападніка, усё адбылося нечакана для каманды. Яго цытату перадае рэсурс sport5.by.

— Перад матчам стала вядома, што Іван Ціхаміраў адправіўся ў войска. Ці паспелі зрабіць нейкія праводзіны? — спыталі ў Хвашчынскага.

— Ды якія праводзіны… Ніхто гэтага проста не чакаў. Шчыра, усе былі ў шоку. Думалі, што ён з'ездзіць у ваенны камісарыят, адзначыцца, урэгулюе фармальнасці — і вернецца. Усё выглядала так, быццам праблем не ўзнікне, — сказаў Хвашчынскі. — Тым больш ідзе гаворка пра гульца зборнай. Здавалася, што такія пытанні можна неяк урэгуляваць — праз федэрацыю, магчыма, знайсці рашэнне, дамовіцца пра адтэрміноўку. Але ў выніку ўсё адбылося рэзка і нечакана: яго проста забралі, і цяпер ён ужо ў часці.

Паводле слоў фарварда, пакуль складана сказаць, як далей будзе развівацца сітуацыя. Хвашчынскі спадзяецца, што ўдасца знайсці нейкае рашэнне.

— Наколькі я ведаю, на яго разлічвае Віктар Ганчарэнка (галоўны трэнер нацыянальнай зборнай. — Заўв. рэд.), — падзяліўся Хвашчынскі. — Ён прадстаўляе краіну, можа прыносіць ёй карысць на полі, таму хочацца верыць, што сітуацыя ўсё ж такі вырашыцца.

Пра тое, што Ціхамірава забіраюць у войска, стала вядома 8 мая. У бягучым сезоне абаронца правёў 6 матчаў у чэмпіянаце Беларусі, у мінулым турніры ён стаў найлепшым гульцом па колькасці выйграных адзінаборстваў у абароне. У сакавіку дэбютаваў за зборную і адзначыўся голам у матчы з Кіпрам (1:0). «Іслач» займае 9-е месца ў турнірнай табліцы.

«Абаронца «ваўкоў» адправіўся ў рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь для праходжання тэрміновай службы, — піша акаўнт «Іслачы» ў Instagram. — Жадаем Вані лёгкай службы».

Прызыў Ціхамірава таксама каментаваў галоўны трэнер «Іслачы» Дзмітрый Камароўскі.

«Мне, як быламу футбалісту, як трэнеру, нават старонняму трэнеру, вельмі б хацелася, каб гульцы зборнай [Беларусі] мелі магчымасць і далей даказваць сваю любоў і службу Радзіме на футбольным полі. Бо, з'яўляючыся гульцом зборнай, ты ўжо салдат сваёй краіны. Толькі не ў ботах, а на футбольным полі», — заявіў ён.

Апошнія навіны