Іранскія дроны зноў атакавалі ААЭ
- 10.05.2026, 20:11
Эмірацкія вайскоўцы паведамілі пра перахоп двух беспілотнікаў.
10 мая сілы супрацьпаветранай абароны (СПА) Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ) перахапілі два беспілотнікі, запушчаныя з тэрыторыі Ірана. Пра гэта Міністэрства абароны ААЭ паведаміла у сетцы X.
У ведамстве падкрэслілі, што краіна застаецца «цалкам гатовая» супрацьдзейнічаць любым пагрозам і будзе і далей абараняць свой суверэнітэт, бяспеку і стабільнасць.
Паводле даных Мінабароны, «з пачатку нахабных іранскіх атак» сілы СПА ААЭ перахапілі 551 балістычную ракету, 29 крылатых ракет і 2265 беспілотнікаў.
За мінулыя суткі ахвяр або пацярпелых не зафіксавана. У той жа час з пачатку нападаў на краіну загінулі двое вайскоўцаў, а таксама грамадзянін Марока, які працаваў па кантракце з Узброенымі сіламі ААЭ. Агульная колькасць загінулых сярод мірнага насельніцтва складае 10 чалавек розных нацыянальнасцей.
Колькасць параненых, паводле афіцыйных даных, дасягнула 230 чалавек.