Яшчэ адзін правал Лукашэнкі
- 11.05.2026, 7:43
2018 год стаў у гісторыі сучаснай Беларусі знакавым.
У Беларусі памірае ўдвая больш людзей, чым нараджаецца. У мінулым годзе, паводле дадзеных Белстата, нарадзілася 54,3 тыс. новых беларусаў, а памерла 116,5 тыс., піша сайт «Беларусы і рынак».
Натуральнае змяншэнне насельніцтва імкліва паскараецца ў апошнія гады: цяпер 62,3 тыс. смерцяў у год не кампенсаваныя новымі нараджэннямі, тады як у найбольш спрыяльным 2015 годзе паказчык складаў усяго 998 смерцяў.
2018 год стаў у гісторыі сучаснай Беларусі знакавым: калі дагэтуль у краіне заставалася адно месца, дзе насельніцтва натуральным чынам павялічвалася — горад Мінск, то з названага года нават у сталіцы смерці колькасна перавысілі нараджэнні.
Сёння ў сталіцы памірае на 9,3 тыс. чалавек больш, чым нараджаецца.
Дзе горш за ўсё?
На кожную тысячу насельніцтва Беларусі за год прыпадае натуральнае змяншэнне на 6,8 чалавека. Найбольш крытычная сітуацыя ў Віцебскай вобласці — тут змяншэнне дасягае 10 чалавек. Найбольш дэмаграфічна спрыяльнай з'яўляецца Брэсцкая вобласць — мінус 5,9 чалавека.
Аднак найбольш прыкметная розніца паміж горадам і вёскай: у гарадской мясцовасці на кожную тысячу жыхароў натуральнае змяншэнне складае 5 чалавек, а ў сельскай — 13,6.
Горад Мінск, дарэчы, больш спрыяльны за малыя гарады — тут змяншэнне складае ўсяго 4,7 чалавека.
Колькі нас засталося?
Выніковая колькасць насельніцтва краіны залежыць не толькі ад смерцяў і нараджэнняў, але і ад міграцыі. Белстат, з улікам зарэгістраванай міграцыі, паказвае лічбу ў 9 мільёнаў 56 тысяч чалавек у Беларусі на пачатак 2026 года. Гэта азначае мінус 400 тысяч за дзесяць гадоў. Аднак з улікам незарэгістраваных тых, хто з'ехаў, у рэальнасці ў Беларусі, верагодна, засталося яшчэ менш жыхароў.