У ISW патлумачылі намёкі Крамля
- 11.05.2026, 8:07
Ці сапраўды вайна хутка скончыцца.
Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін заявіў, што канфлікт ва Украіне нібыта «падыходзіць да завяршэння», аднак рэальных прыкмет гатоўнасці Масквы да заканчэння вайны пакуль няма. Пра гэта гаворыцца ў новым аналізе Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Эксперты звяртаюць увагу, што падчас прэс-канферэнцыі 9 мая Пуцін, адказваючы на пытанне пра магчымую ролю Захаду ў нядаўніх далёкадзейных ударах Украіны па тэрыторыі Расіі, сказаў, што «гэтае пытанне падыходзіць да канца». Пры гэтым расійскія дзяржаўныя СМІ інтэрпрэтавалі гэтыя словы як намёк на хуткае завяршэнне вайны, хоць сам Пуцін наўпрост гэтага не заяўляў.
У ISW падкрэсліваюць, што адначасова расійскі лідар патлумачыў адсутнасць значнай часткі ваеннай тэхнікі на парадзе неабходнасцю сканцэнтраваць рэсурсы на «канчатковым разгроме Украіны». На думку аналітыкаў, гэта сведчыць пра захаванне ранейшых максімалісцкіх мэт Крамля.
Акрамя таго, Пуцін ізноў заявіў, што магчымая двухбаковая сустрэча з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім павінна адбыцца выключна ў Маскве, фактычна даўшы зразумець, што не мае намеру ўдзельнічаць у перамовах на нейтральнай тэрыторыі.
Паводле ацэнак аналітыкаў, падобныя заявы найперш разлічаныя на ўнутраную аўдыторыю.
«Верагодна, Крэмль спрабуе ўплываць на настроі ўнутры краіны, дзе ўсё мацней адчуваюцца наступствы больш як чатырох гадоў вайны і няздольнасці расійскіх сіл прадухіліць далёкадзейныя ўдары па сваёй тэрыторыі», — адзначаюць у ISW.