BE RU EN

Пра што забыў сказаць Лукашэнка

  • Аляксандр Класкоўскі
  • 11.05.2026, 9:42

Кіраўнік распаўсюджвае крэмлёўскія прапагандысцкія наратывы.

Беларускі кіраўнік працягвае ілюстраваць азбуку паліталогіі: дыктатурам, як паветра, патрэбны вобраз ворага. Увечары 9 мая Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі ў Мінску абмаляваў сённяшніх ворагаў рэжыму. У гэтай прамове, што прагучала пасля вяртання правадыра з параду ў Маскве, выразна гучалі крэмлёўскія прапагандысцкія наратывы.

Праўда, адзін з пасажаў атрымаўся дваістым: «І няхай у фашызму цяпер іншае аблічча — выгладжанае, гэта не змяняе сутнасці. Мы бачым гэтае аблічча. Ідэі звышдзяржаўнасці і ўласнай перавагі мацнеюць і наносяць свету новыя раны. Але ўжо побач з нашымі межамі».

Спічрайтары тут дапусціліся хібы. Побач з беларускімі межамі раны свету наносіць расійска-ўкраінская вайна, і яе развязаў у вялікадзяржаўным угары Крэмль. Але, вядома, Лукашэнка цэліў не ў крамлёўскі гарод. Паследавала ўдакладненне: «Наш вораг — рэваншысты, прамыя і ідэйныя нашчадкі эсэсаўцаў, бандэраўцаў і лясных братоў. Тыя, хто проста зараз прыбірае парэшткі савецкіх салдат з літоўскіх Шаўляяў і называе подзвіг савецкага народа міфам».

Можа, Кіеў хацеў захапіць Кубань, а Вільня — заняць усе землі ВКЛ?

Такім чынам, камень кінуты перадусім у гарод украінцаў і палітыкаў краін Балтыі. Але якія там рэваншысты? Украіна не пакушалася на Кубань, Вільня не прэтэндуе на беларускія землі, якія калісьці ўваходзілі ў Вялікае Княства Літоўскае.

Гэта Уладзімір Пуцін абвясціў Украіну «штучнай дзяржавай». Маўляў, яе стварылі Ленін і ягоныя паплечнікі, адарваўшы ў Расіі яе гістарычныя тэрыторыі. Гэта Пуцін узняў на шчыт імперскі канцэпт «Наварасіі», адціснуў Крым, а цяпер патрабуе ўвесь Данбас.

Так, і наконт Шаўляяў. Там ніхто не здзекуецца з парэшткаў загінулых салдат Чырвонай арміі. Ідзе гаворка пра перанос парэшткаў з цэнтра горада на могілкі Гінкунай, дзе ўжо ёсць мемарыял савецкім воінам. Эксгумацыю беражліва праводзілі археолагі. Такім чынам выконваецца рашэнне Камісіі па дэсаветызацыі, якая прызнала, што пахаванне салдат каля сабора ў Шаўляях парушае забарону на прапаганду таталітарных рэжымаў у грамадскіх месцах.

А рэжым Іосіфа Сталіна, аднаго з куміраў Лукашэнкі, быў менавіта таталітарным. І, дарэчы, грубыя пралікі гэтага крамлёўскага вождзя, перадваенныя рэпрэсіі супраць каманднага складу Чырвонай арміі ў многім сталі прычынай яе каласальных страт і адступлення да самай Масквы ў 1941 годзе.

Вялікі змагар за «праўду пра вайну» замоўчвае другі бок медаля

«Мы змагаемся на ўсіх франтах за праўду пра тую вайну», — гэты прапагандысцкі наратыў таксама прагучаў 9 мая ў прамове Лукашэнкі каля абеліска Перамогі ў Мінску. Але насамрэч рэжым прасоўвае выгадную яму палупраўду, змешаную з дадумкамі.

Лукашэнка зноў успомніў, што ў тую вайну загінуў кожны трэці беларус. Улады раз за разам аперуюць гэтай лічбай, ледзь не ганарацца ёй. Але давайце памятаць і пра тое, што Беларусь за лічаныя тыдні была пакінутая на раздзярванне гітлераўцам.

А між тым Чырвоная армія спачатку пераўзыходзіла групоўку «Трэцяга рэйха» на ўсходнім фронце па самалётах і танках. Танкаў у СССР на 22 чэрвеня 1941 года наогул было больш, чым ва ўсіх іншых дзяржавах свету разам узятых — каля 23 тысяч. І з такой моцай Сталін і ягонае атачэнне бяздарна прайгралі першы этап вайны.

Калі ж армія перайшла ў наступ, практыкаваліся «мясныя штурмы», гарады імкнуліся браць любой цаной да чарговай даты. Дыктатарскі рэжым Сталіна памножыў крывавую цану той перамогі. Але пра гэты бок медаля Лукашэнка аддае перавагу маўчаць, бо сам збудаваў рэжым, у якім праглядаюцца рысы сталінізму.

І яшчэ цытата з ягонай прамовы: «Наша калісьці вялікая савецкая Радзіма, знявечаная, змучаная, вызваліла Еўропу». І тут — палупраўда. Бо, па-першае, значную частку Старога Свету вызвалілі саюзнікі СССР. А па-другое, краінам, куды ўвайшлі савецкія войскі, былі навязаныя камуністычныя рэжымы.

Як Мінск «развязвае праблемныя вузлы» ў адносінах з ЕС

Так супала, што 9 мая дзяржСМІ распіярылі інтэрв'ю намесніка міністра замежных спраў Ігара Секрэты нямецкай Berliner Zeitung. Дыпламат заявіў, што Мінск гатовы «прыступіць да развязвання праблемных вузлоў не толькі ў двухбаковых адносінах з ФРГ, але і з Еўрапейскім саюзам у цэлым».

Выдатнае намерэнне, але пры гэтым спадар Секрэта ўнісон з Лукашэнкам абвінавачвае заходнія краіны ў тым, што там «падымае галаву рэваншызм». Хаця сёння Кіеў бамбяць зусім не немцы, а тыя, каго Пуцін называе «героямі СВА», і каго сваёй прысутнасцю на маскоўскім парадзе ўшанаваў і Лукашэнка.

Можа, дзеля пачатку дыялогу з Еўропай варта было б перастаць кашмарыць суседнія краіны ЕС мігранцкімі штурмамі і перастаць трымаць у турмах тых беларусаў, якія адважыліся выступіць за еўрапейскія каштоўнасці? Але рэжым хоча будаваць адносіны па прынцыпе «палюбіце нас чорненькімі». Шантажуе, здзекуецца і кідаецца брудам, а потым дзівіцца, чаму еўрапейцы адмаўляюцца распасцерці абдымкі.

Аляксандр Класкоўскі, «Позiрк»

Апошнія навіны