У Беларусі здымаюць абмежаванні на наведванне лясоў
- 11.05.2026, 10:43
Забароны засталіся толькі ў шэрагу раёнаў Гомельскай вобласці.
Абмежаванні і забароны на наведванне лясоў, уведзеныя з-за падвышанай пажарнай небяспекі, засталіся толькі ў Гомельскай вобласці, сведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.
Па-ранейшаму нельга хадзіць у лясы 11 раёнаў — Брагінскага, Веткаўскага, Гомельскага, Добрушскага, Калінкавіцкага, Кармянскага, Лельчыцкага, Лоеўскага, Рэчыцкага, Хойніцкага і Чачэрскага.
Абмежаванні, якія азначаюць, што ў лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і распальваць там вогнішчы, але даступныя пешыя прагулкі і збор ягадаў і грыбоў, дзейнічаюць у Ельскім і Нараўлянскім раёнах.
У астатніх 105 з 118 раёнах хадзіць у лясы можна свабодна.
У параўнанні з 9 маем пералік раёнаў Гомельскай вобласці, дзе дзейнічаюць забароны і абмежаванні, не змяніўся. Разам з тым скасавана забарона на наведванне лясоў у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці.