Віктар Бабарыка раскрытыкаваў «асобаў, якія зарабілі на дапамозе беларусам»
- 11.05.2026, 12:57
Экс-банкір заявіў, што некаторыя дзеячы толькі прыкрываюцца словамі пра «працу ў інтарэсах Беларусі».
Упершыню пасля вызвалення экс-банкір і прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка сустрэўся з беларусамі. Для гэтага ён прыляцеў у Вільнюс з Берліна, дзе цяпер жыве.
На сустрэчы, якая прайшла ў беларускім цэнтры «Замак», Бабарыка адказаў на пытанне пра стан беларускай эміграцыі:
— На жаль, пасля 2020 года адбылася дзіўная з’ява: насамрэч беларусы і Беларусь прайгралі, а нехта ад гэтага выйграў. Камусьці ў параўнанні з 2020 годам за кошт беларусаў стала лепш, чым было тады.
І вось гэтае разыходжанне ў ацэнках — свядомае і несвядомае — напэўна, нараджае ўнутраны дыскамфорт у беларусаў. То бок так, нібыта трэба будаваць нешта, каб дапамагаць тым, каму дрэнна. Але калі ты гэта будуеш, і табе самаму добра, ты ўжо не настолькі востра адчуваеш тую боль, якая ёсць у іншых людзей.
Віктар Бабарыка лічыць, што некаторыя палітыкі толькі прыкрываюцца словамі пра «працу ў інтарэсах Беларусі»:
— Усё залежыць ад таго, якую мэту (сапраўдную мэту, не на словах, а на справе) мае той, хто кажа, што працуе ў інтарэсах Беларусі. І за гэтым трэба вельмі ўважліва сачыць.
Калі проста зрабіць аналіз паводле такога прынцыпу: вазьміце любую персону — у 2020 годзе і ў 2026-м. Калі гэтай персоне стала лепш жыць у 2026 годзе, гэта адзін варыянт. А калі ёй стала горш у 2026-м або не так камфортна, як было ў 2020 годзе, тады яна сапраўды будзе рабіць нешта, каб стала лепш, каб вярнуць тое, што было ў 2020 годзе.