Bloomberg: Іран разгарнуў у Армузскім праліве невялікія падводныя лодкі
- 12.05.2026, 4:00
Гэта першае з’яўленне іранскіх субмарынаў у Армузскім праліве з пачатку вайны.
Іран заявіў пра разгарненне малых падводных лодак у Армузскім праліве на фоне абвастрэння канфлікту з ЗША і правалу мірных перамоваў, паведамляе Bloomberg.
У Тэгеране адзначылі, што гэтыя малыя падводныя лодкі павінны выконваць ролю «нябачнага вартаўніка» Армузскага праліва на фоне шэрагу праваленых мірных пагадненняў паміж Тэгеранам і ЗША.
Гаворка ідзе пра міні-падводныя лодкі класа «Гадзір». Паводле ацэнак Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў, Іран мае не менш за 16 такіх лодак. Кожная з іх здольная несці дзве тарпеды або дзве працікарабельныя ракеты кітайскай вытворчасці C-704.
У той жа час суразмоўца Bloomberg адзначыў, што гэтыя лодкі значна гучнейшыя за сучасныя субмарыны, а іх экіпажы маюць абмежаваны баявы досвед. Акрамя таго, лодкі, нібыта, маюць праблемы з тэхнічным абслугоўваннем.
Паводле інфармацыі агенцтва, рашэнне аб разгарненні падводных лодак было прынята пасля заявы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб магчымым вяртанні да ідэі суправаджэння суднаў амерыканскімі вайскоўцамі.
Іран фактычна перакрыў Армузскі праліў пасля ўдараў ЗША і Ізраіля напрыканцы лютага. З таго часу рух камерцыйных танкераў у рэгіёне істотна ўскладніўся.
Эксперты лічаць, што галоўная роля міні-субмарынаў заключаецца не толькі ў магчымых атаках, але і ў дэманстрацыі сілы і стрымліванні. Іран ужо актыўна выкарыстоўвае для гэтага ракеты і дроны.
У той жа час геаграфія Армузскага праліва ўскладняе схаванае выкарыстанне падводных лодак. Глыбіня акваторыі складае каля 100 метраў, з-за чаго субмарыны лягчэй выявіць з дапамогай гідралакатароў.