«У эліце наспявае думка, што трэба прыбраць Пуціна»
- 12.05.2026, 13:07
2026 год можа змяніць усё.
У РФ наспявае думка пра замену расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна з-за правалу вайны ва Украіне.
Пра гэта ў каментарыі РБК-Украіна расказаў адзін з лідараў расійскай апазіцыі Гары Каспараў.
«Ёсць адчуванне, што нешта адбываецца. Гэта расійская традыцыя, што дрэнная вайна заўсёды прыводзіць да змяненняў. І мы цяпер бачым сітуацыю, калі вельмі шмат людзей, як у эліце, так і сярод простых, пачынаюць разумець, што Пуцін вайну выйграць не можа. А калі дыктатар развязвае вайну, якую не можа выйграць, у яго, паводле гістарычных законаў, пачынаюцца вялікія праблемы», — расказаў ён.
На думку Каспарава, ёсць сур'ёзнае адчуванне, што пачаўся працэс, які, вельмі імаверна, у найбліжэйшы час, калі не будзе пералому, можа прывесці да катастрафічных наступстваў.
«Відавочна, нешта адбываецца. На гэта паказваюць розныя сведчанні: эканамічныя, ваенныя праблемы, але, як мне здаецца, галоўная праблема — псіхалагічная, яна вельмі важная. Яна ў тым, што руская традыцыя не дарауе цару або дыктатару прайграную вайну», — сказаў апазіцыянер.
Паводле яго слоў, думка пра тое, што вайна заканчваецца дрэнна, цяпер пачынае ўваходзіць у свядомасць людзей.
«З масамі гэта не зразумела, але з элітамі — відавочна. Вось тое, што піша Рэмесло штодня пра непазбежнасць канца Пуціна, — і нічога не адбываецца... Гэта значыць, што гэта думка, пра тое, што Пуціна трэба змяніць, вельмі важная», — патлумачыў Каспараў.
«У эліце наспявае думка, што, каб уратаваць рэжым, трэба прыбраць Пуціна. Вось Рэмесло — гэта адлюстраванне той імперскай традыцыі, што, каб выратаваць імперыю, трэба прыбраць Пуціна», — дадаў палітык.
Ён падкрэсліў, што 2026 год можа стаць вызначальным для фармавання новага сусветнага парадку. І менавіта дзякуючы Украіне, якая змагла не толькі ўстаяць, але і пераламаць ход вайны, гэтыя змены становяцца непазбежнымі.