BE RU EN

Дэлегацыя ЗША наведала польска-беларускую мяжу

  • 12.05.2026, 22:17

Яна ацаніла, у тым ліку, сістэму ўмацаванняў.

Дэлегацыя ЗША на чале з намеснікам дзяржаўнага сакратара па кантролі над узбраеннямі і міжнароднай бяспекай Томасам ДзіНанно наведала польска-беларускую мяжу, паведамляе Падляскае ваяводскае ўпраўленне ў Беластоку.

Асноўнай мэтай візіту стала азнаямленне з сістэмай аховы знешняй мяжы Еўрапейскага саюза, якую польскія ўлады называюць адной з найбольш абароненых у рэгіёне. Дэлегацыі паказалі элементы інфраструктуры, створаныя ў межах праграмы «Усходні шчыт», уключаючы загараджальныя збудаванні, сістэмы назірання і лагістычныя аб'екты.

Камандуючы Падляскім аддзяленнем памежнай службы генерал Славамір Клекотка заявіў падчас візіту: «Службы сёлета на сто працэнтаў эфектыўныя, кожная спроба незаконнага перасячэння мяжы была спыненая».

Падчас паездкі дэлегацыя таксама наведала аб'екты ў Беластоку, дзе размешчаныя склады, створаныя ў межах Нацыянальнай праграмы стрымлівання і абароны «Усходні шчыт». Польскія вайскоўцы прадставілі інфраструктуру і патлумачылі яе прызначэнне на выпадак неабходнасці ўзмацнення ўсходняй мяжы.

Віцэ-міністр абароны Польшчы Цэзары Томчык падкрэсліў значэнне супрацоўніцтва з ЗША і саюзнікамі па НАТА. Ён заявіў: ««Усходні шчыт» прызнаны нашымі амерыканскімі саюзнікамі часткай вялікай еўрапейскай ініцыятывы і разам з Балтыйскай лініяй абароны становіцца асновай бяспекі не толькі Польшчы і ЕС, але і ўсяго НАТА. Для нас саюз з ЗША мае фундаментальнае значэнне».

Прадстаўнік ЗША Томас ДзіНанно са свайго боку адзначыў важнасць умацавання межаў і партнёрства: «Я хачу сказаць ад імя прэзідэнта Трампа, што важна мець магчымасць кантраляваць свае межы. У нас ёсць агульнае разуменне паміж Польшчай і ЗША. Гэта партнёрства, якое мы павінны працягваць у будучыні».

Апошнія навіны