BE RU EN

Абвешчаныя ўсе фіналісты «Еўрабачання-2026»

  • 15.05.2026, 9:15

Фінал адбудзецца ў суботу ўвечары.

У сталіцы Аўстрыі прайшоў другі паўфінал музычнага конкурсу «Еўрабачанне». Паводле вынікаў гэтага дня ў фінал праходзяць яшчэ 10 удзельнікаў. Фінал адбудзецца ў суботу ўвечары, піша Бі-бі-сі.

Хто прайшоў у фінал

Другі паўфінал быў не такі напружаны, як першы: палітычная складовая ў ім была зведзеная да мінімуму. У першым паўфінале частка гледачоў асвіствала ізраільскага спевака Ноама Беттана, іншыя скандавалі лозунгі ў яго падтрымку. У другім такога напружання ўжо не было, і ўсе фаварыты спакойна прайшлі ў фінальны раунд, адзначае музычны аглядальнік Бі-бі-сі Марк Сэвідж.

У паўфінал прайшлі 10 выканаўцаў:

Албанія (спявак Аліс, песня Nân);

Аўстралія (Дэльта Гудрэм, Eclipse);

Балгарыя (Дара, Bangaranga);

Кіпр (Антыгоні, Jalla);

Украіна (LELÉKA, Ridnym);

Чэхія (Даніэль Жыжка, Crossroads);

Данія (Сёрэн Торпегор Лунн, Før Vi Går Hjem);

Мальта (Айдан, Bella);

Румынія (Аляксандра Кэпітэнеску, Choke Me);

Нарвегія (Юнас Лов, Ya Ya Ya).

У фінале да іх далучацца 10 пераможцаў першага паўфіналу (Ізраіль, Бельгія, Харватыя, Фінляндыя, Грэцыя, Літва, Малдова, Польшча, Сербія і Швецыя), а таксама Аўстрыя (як краіна — гаспадар мерапрыемства), Вялікабрытанія, Францыя, Германія і Італія (як прадстаўнікі так званай вялікай чацвёркі музычных вяшчальнікаў).

Галоўным фаварытам лічыцца фінскі дуэт Лінды Лампеніус і Петэ Паркконена, у тройцы лідараў таксама выканаўца з Грэцыі Акілас (Акілас Мітылінеас) і аўстралійка Дэльта Гудрэм.

Дэльта Гудрэм, на думку крытыкаў, можа прэтэндаваць і на перамогу. «Яе песня, класічная балада ў стылі Селін Дыён, гарантавана спадабаецца як гледачам, так і журы прафесійных аўтараў песень, на долю якога прыпадае палова агульнай ацэнкі», — лічыць музычны аглядальнік Бі-бі-сі.

Чарговы раз у фінал выйшла Украіна: з 2003 года прадстаўнікі краіны перамагалі ў конкурсе тройчы. На гэты раз з песняй «Рiдним» («Родным») выступае Вікторыя Лелека. Ураджэнка Дняпрапятроўскай вобласці набыла музычны досвед у Германіі і пачынала як джазавая спявачка. З 2024 года яна запусціла свой праект DONBA₴GRL і выступала на многіх фестывалях, у тым ліку на Гластонберы ў Вялікабрытаніі.

Яе песню «Рiдним» аглядальнік Бі-бі-сі называе «праніклівым пасланнем пра сілу і стойкасць».

Апошнія навіны