ШІ дапамог мужчыну адшукаць страчаныя біткойны на $400 тысяч
- 18.05.2026, 14:37
Мужчына набыў 5 біткойнаў у 2013 годзе, калі вучыўся ва ўніверсітэце.
Платформа штучнага інтэлекту Claude дапамагла мужчыне аднавіць доступ да Bitcoin-кашалька, на якім захоўвалася пяць біткойнаў агульным коштам каля 400 тысяч долараў. Пра гэтую гісторыю расказаў карыстальнік сацсеткі X пад нікам CPRKRN.
Мужчына сцвярджае, што гадамі не мог атрымаць доступ да ўласнага крыптакашалька з-за страчанага пароля. На ім захоўвалася 5 біткойнаў, якія ён набыў у 2013 годзе прыкладна за 1250 долараў. Тады для захоўвання актываў ён стварыў складаныя паролі на платформе blockchain.info. Пазней адзін з іх быў зменены, але новы пароль уладальнік кашалька забыў.
На працягу многіх гадоў ён спрабаваў аднавіць доступ самастойна, аднак безвынікова. У апошнія тыдні CPRKRN пачаў выкарыстоўваць інструменты на базе штучнага інтэлекту, каб перабіраць велізарную колькасць магчымых пароляў. Нягледзячы на спробы праверыць мільярды і нават трыльёны камбінацый, гэта таксама не дало выніку.
Тады карыстальнік вырашыў загрузіць у Claude свае старыя ўніверсітэцкія нататкі, файлы са старога ноўтбука і іншыя архіўныя даныя. Менавіта гэта ўрэшце стала вырашальным. Як расказаў мужчына, штучны інтэлект здолеў адшукаць стары пароль і рэзервовы файл кашалька, якія супадалі паміж сабой і дазволілі аднавіць доступ да крыптавалюты.
Над аднаўленнем доступу CPRKRN працаваў разам з Claude на працягу васьмі тыдняў. За гэты час былі правераны два камп'ютары Mac, два знешнія жорсткія дыскі, экспарт Apple Notes, паштовыя скрыні iCloud Mail і Gmail, а таксама паведамленні ў X — усяго больш за адзін гігабайт даных.
Асабліва важным аказаўся стары камп'ютар. Менавіта там Claude знайшоў крытычна важны файл рэзервовай копіі кашалька, датаваны снежнем 2019 года. Далей сістэма змагла расшыфраваць файл з дапамогай пароля, які ўдалося здабыць са старых запісаў у блакноце.
Карыстальнік не апублікаваў прамых даказаў усёй працэдуры працы Claude, аднак падаў спасылку на Blockchain.com, дзе відаць рух прыкладна пяці біткойнаў з крыптакашалька, якія заставаліся некранутымі з пачатку 2015 года.
Для паспяховага аднаўлення былі выкарыстаныя і іншыя інструменты. У прыватнасці, Claude безвынікова выкарыстоўваў адкрыты сэрвіс BTCRecover і мову праграмавання Python для праверкі метадам брутфорсу каля 34 мільярдаў пароляў. Пазней з дапамогай Hashcat было пратэставана яшчэ каля 3,4 трыльёна варыянтаў.
У выніку, каб вярнуць свае 400 тысяч долараў, мужчыну давялося выдаткаваць 15 долараў на платную версію Claude.