Беларускія дачнікі абураныя ўзараным полем
- 18.05.2026, 14:58
Яно знішчыла дарогу.
У Стоўбцоўскім раёне ўзаралі поле і тым самым знішчылі праход для дачнікаў. Мінчанка падзялілася гісторыяй у TikTok, заўважыў Mlyn.by.
Жанчына 20 гадоў карысталася гэтай сцежкай, калі прыязджала на дачу. Але нядаўна сцежка знікла літаральна за некалькі гадзін.
Карыстальніца TikTok распавяла пра шлях да сваёй дачы «Цёмныя Ляды».
Прыязджаючы на адпачынак, яна звыкла скарачала маршрут праз поле, але апошнім разам зрабіць гэта не атрымалася.
З-за гэтага дачніца спазнілася на электрычку.
«Там і раней раскапвалі, але заўсёды пакідалі сцежку, а цяпер яе наогул няма», — распавяла аўтарка відэа.
У каментарыях многія звярнулі ўвагу, што гэта не адзіны магчымы шлях. Даехаць да прыпынку «Цёмныя Ляды» можна «ўздоўж ракі», а таксама «праз Задвор’е і на Стоўбцы».
Тым не менш многія пагадзіліся, што найкарацей — праз поле.
Як адзначылі журналісты, у полі працавала тэхніка ОАО «Жатерево». Тут ішла сяўба кукурузы. Пасля таго як усё запланаванае завяршылі, сцежку аднавілі. Мясцовыя жыхары цяпер зноў могуць скарачаць шлях зручным і звыклым спосабам.