У беларускіх крамах з’явіўся тамарынд
- 18.05.2026, 16:21
Што гэта за экзатычны плод і які ён на смак.
У супермаркетах Мінска заўважылі чарговы экзатычны плод. Гэта тамарынд з Тайланда, піша «Точка».
Каштуе ён 13,99 рубля (450-грамовая ўпакоўка) і 31,09 рубля (1 кг).
Плады сабралі ў сакавіку гэтага года.
Што за індыйскі фінік
Тамарынд — гэта экзатычны плод, родам з Мадагаскара, але таксама расце ў Мексіцы, краінах Паўднёвай Амерыкі і Азіі. Гэта вечназялёнае дрэва з сямейства бабовых дае плады, якія нагадваюць арахіс.
Яны карычневага колеру і выгінастай формы, маюць тонкую сухую абалонку даўжынёй да 20 см.
Спелы тамарынд, вядомы таксама як індыйскі фінік, атрымаў такую назву дзякуючы смаку і тэкстуры. Мякаць пладоў далікатная, крухмалістая. Яна мае экзатычны смак, хоць і не такі прытарны, як у фінікаў.
Спелы тамарынд мае кісла-салодкі смак, які можна параўнаць са спалучэннем чарнасліву і курагі. Яго часта выкарыстоўваюць для прыгатавання розных соусаў або як прыправу.