З беларускіх аптэк знік папулярны прэпарат
- 18.05.2026, 16:39
Лекарка патлумачыла, чым яго можна замяніць.
Беларусаў непакоіць знікненне папулярнага кішачнага адсарбента «Энтеросгеля». Праблема дайшла да сацсетак, дзе пішуць, што не могуць знайсці прэпарат ужо некалькі месяцаў.
«Энтеросгеля» не было ў аптэках па ўсёй краіне тры месяцы. Ён знаходзіўся на перарэгістрацыі. На пачатку мая ў продажы з’явілася першая партыя прэпарата ў Мінску», — тлумачаць у адным з каментароў.
Аптэчны сэрвіс tabletka.by паказвае наяўнасць пасты «Энтеросгель» расійскай вытворчасці ў трох аптэках БСТфарм у Мінску па цане 38,5 рублёў. Судзячы з колькасці, указанай у пошукавым сэрвісе, прэпарата шмат — ад 120 да амаль 500 штук у наяўнасці.
У сацсетках людзі дзеляцца, як ратуюцца ад кішачных інфекцый без звыклага леку, ужываючы і кока-колу, і нават аналагічны прэпарат для жывёл.
Пры гэтым на перанесеную апошнім часам кішачную інфекцыю скардзяцца ў розных гарадах.
«Салідарнасць» спытала спецыяліста, наколькі цяпер імаверная ўспышка кішачных інфекцый і як дапамагчы без «Энтеросгеля».
— Пік захворвання на кішачныя інфекцыі прыпадае на лета, — тлумачыць у экспрэс-каментары сямейная лекарка Мая Церакулава. — Але кішачныя інфекцыі, і не толькі ротавірус, а каля 600 розных, пастаянна цыркуляюць у Беларусі.
Яны ніколі не знікаюць і могуць быць рознымі; зусім не абавязкова, што ўсе хварэюць адной і той самай.
— Ці можна ў такім стане, як раяць некаторыя, піць колу або спрайт?
— Не абавязкова колу або спрайт. Дапаможа любая рэгідратацыя, гэта значыць любая вадкасць.
Салодкія напоі суб’ектыўна могуць палегчыць стан слабасці, бо падчас хваробы чалавек дрэнна сябе адчувае, губляе шмат калорый, не можа есці і папаўняць іх дэфіцыт.
Ідэальна падыходзяць у такіх выпадках рэгідратацыйныя растворы, асабліва для дзяцей, бо пры кішачных інфекцыях мы губляем не толькі калорыі, але пры ванітах і дыярэі яшчэ і солі.
Адно з самых небяспечных ускладненняў пры кішачных інфекцыях — абязводжванне, парушэнне вадна-электралітнага балансу.
Для папаўнення соляў ёсць спецыяльныя рэгідратацыйныя растворы з аптэкі, напрыклад, «Нормогидрон» або «Регидрон». Можна ўжываць нейкія напоі для спартсменаў з электралітамі, нават расол ад агуркоў; у прынцыпе, можна піць любую салёную вадкасць. Проста ў парашках з аптэкі склад збалансаваны.
У любым выпадку першае, што трэба рабіць пры любых кішачных інфекцыях са стратай фізіялагічных вадкасцяў, — кампенсаваць электраліты.
Акрамя таго, трэба шмат піць, і абсалютна ўсё роўна, што вы будзеце піць — колу, кампот, чай, курыны булён і г.д. — усё, апрача малака.
Удакладню: калі самі не будзеце піць, усё можа скончыцца кропельніцай. Бо арганізму ўсё адно трэба папаўняць вадкасць.
Багатага піцця дастаткова, каб стала лягчэй. То бок, трэба прадухіліць абязводжванне.
У другой чарзе можна прымаць сарбенты: актываваны вугаль, «Смекту», «Энтеросгель» і яго аналагі; увогуле такіх прэпаратаў на рынку мноства.
Пры гэтым «Смекта» будзе мець мацнейшы эфект. Аднак у любым выпадку ўсе гэтыя прэпараты палягчаюць сімптомы, але не паскараюць выздараўленне.
— Пры якіх захворваннях яшчэ неабходны менавіта «Энтеросгель»?
— Пераважна яго рэкамендуюць пры харчовых атручваннях, кішачных інфекцыях, а таксама прызначаюць пры алергічных рэакцыях, пры харчовай гіперчуўслівасці.
Аднак і ва ўсіх гэтых выпадках таксама можна выбраць любы сарбент, не абавязкова гэты.