У Еўропе для Украіны распрацоўваюць ракету Ruta Block 3
- 18.05.2026, 21:15
Яна таннейшая, чым Tomahawk.
У Еўропе аэракасмічная кампанія Destinus разам са зброевым канцэрнам Rheinmetall паскараюць распрацоўку новай ракеты Ruta Block 3, якую будуць выпрабоўваць ва Украіне.
Пра гэта 18 мая паведамляецца на афіцыйным сайце Destinus.
Як паведамляюць інжынеры, Ruta Block 3 будзе грунтавацца на архітэктуры першай версіі ракеты, якая ўжо перайшла ад баявых выпрабаванняў да серыйнай вытворчасці. У Destinus, у прыватнасці, удакладняюць, што Ruta Block 1 серыйна вырабляецца ў Нідэрландах. Таксама, паводле слоў прадстаўнікоў кампаніі, яны пашыраюць гадавыя вытворчыя магутнасці ў межах сваёй еўрапейскай прамысловай прысутнасці.
«Еўропа ўваходзіць у новую эру абароны, дзе вызначальным фактарам больш не з'яўляецца наяўнасць высокадакладнай зброі, а здольнасць вырабляць яе, папаўняць і ўдасканальваць у прамысловых маштабах падчас працяглых аперацый высокай інтэнсіўнасці», — заявіў генеральны дырэктар Destinus Міхаіл Какорыч.
Паводле яго слоў, Ruta Block 3 распрацавана з улікам новай рэальнасці — «суверэннай еўрапейскай архітэктуры, размеркаванай прамысловай вытворчасці і магчымасці хуткага маштабавання ў краінах саюза».
Як заявілі інжынеры, Ruta Block 3 плануюць абсталёўваць турбарэактыўным рухавіком новага пакалення — павялічаным Destinus T220, які цяпер знаходзіцца на стадыі праектавання, а таксама баегалоўкай масай 250 кілаграмаў. Таксама чакаецца, што далёкасць палёту ракеты дасягне 2 тыс. кіламетраў.
Акрамя таго, чакаецца, што ракеты Ruta Block 3 будуць каштаваць значна танней, чым падобныя па характарыстыках амерыканскія ракеты Tomahawk (у кастрычніку 2025-га яны, згодна з бюджэтнай дакументацыяй Пентагона, каштавалі $1,3 млн за адзінку — рэд.).
«Сістэма будзе спалучаць перадавую аўтаномную навігацыю для ўмоў са зніжаным сігналам GNSS з магчымасцямі тэрмінальнага зандзіравання і навядзення, якія цяпер распрацоўваюцца. Пры гэтым яна будзе мець стандартную кантэйнерную пускавую архітэктуру ISO, якая падтрымлівае разгортванне на сушы, на моры і на стацыянарных пляцоўках», — адзначылі ў Destinus.