BE RU EN

Махляры выманьваюць у беларусаў каля 50 млн рублёў за год

  • 18.05.2026, 22:16

Адкуль яны бяруць нашы персанальныя даныя.

Махляры за год выманьваюць у беларусаў дзясяткі мільёнаў рублёў. Пры гэтым персанальныя даныя грамадзян «уцякаюць» у асноўным з гандлёвых сетак. Пра гэта сілавікі расказалі ў ток-шоу на дзяржаўным тэлеканале СТВ.

«Ацэнка ў нас сёння, што за год больш за 50 мільёнаў рублёў крадуць кібермахляры. На жаль, грошы адразу ж амаль ідуць у крыптавалюты і за мяжу», — расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення цэнтральнага апарата Следчага камітэта Іван Суднікавіч.

Пры гэтым сілавікі могуць спыняць падазроныя грашовыя пераказы, а з мінулага года СК можа вяртаць грошы — раней гэта адбывалася толькі пасля суда. Такім чынам у 2025-м беларусам вярнулі больш за 600 тысяч скрадзеных рублёў.

Махляры часта бяруць інфармацыю пра патэнцыйных ахвяр з адкрытых інтэрнэт-крыніц. Таксама — з баз даных гандлёвых арганізацый.

«У абсалютнай большасці выпадкаў, якія мы фіксуем, — гэта нейкае не зусім правільнае стаўленне да нашых персанальных даных. Да таго масіва інфармацыі, які назапашваецца. Ёсць разнастайныя зніжкавыя праграмы, рэгістрацыі на сайтах», — расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Аляксандр Рынгевіч.

Па яго словах, некалькі разоў зламыснікі спрабавалі наўпрост здабыць персанальныя даныя з беларускіх гандлёвых арганізацый.

Нагадаем, махляры нярэдка выкарыстоўваюць схемы з «экстрэмізмам» і «тэрарызмам». Падобным чынам на пачатку мінулага года мінчанка страціла каля 500 тысяч рублёў. Нядаўна махляры запалохалі мінскага пенсіянера фінансаваннем «экстрэмісцкага фармавання» — сям'я страціла больш за 130 тысяч рублёў.

Часта сілавікі не акцэнтуюць увагу на тым, што махляры выманьваюць грошы менавіта з выкарыстаннем гісторыі пра «экстрэмізм».

Апошнія навіны