Над Маладзечнам быў заўважаны чорны дым
- 18.05.2026, 23:32
Што гэта было?
Жыхары Маладзечна 18 мая маглі заўважыць цёмны дым у раёне мясцовай міні‑ЦЭЦ. У «Мінскэнерга» патлумачылі, што гэта адбылося з-за выкарыстання мазуту.
На міні‑ЦЭЦ ідзе рэканструкцыя газарэгулятарнага пункта. У сувязі з гэтым часова выкарыстоўваецца мазут як паліва, патлумачылі ў «Мінскэнерга».
«Выдзяленне цёмнага дыму абумоўлена тэхналагічным працэсам пры пераходзе рэжымаў працы абсталявання і не з’яўляецца прыкметай якой‑небудзь няспраўнасці», — запэўнілі на прадпрыемстве.
Аднак не ўдакладнілі, колькі часу будзе доўжыцца рэканструкцыя і выкарыстоўвацца мазут. Пры гэтым паведамілі, што збояў на ЦЭЦ няма, а «распаўсюджанне цёмнага дыму мела кароткачасовы характар і было звязана з рэгламентавымі аперацыямі».
«Сітуацыя не аказала негатыўнага ўплыву на якасць паветра і не ўяўляе пагрозы для здароўя жыхароў горада. Усе параметры працы станцыі знаходзяцца пад пастаянным кантролем спецыялістаў», — запэўнілі ў «Мінскэнерга».