BE RU EN

З беларускіх аптэк знік папулярны прэпарат

«Энтэрасгелю» не было ў аптэках па ўсёй краіне тры месяцы.

Беларусы занепакоеныя знікненнем папулярнага кішэчнага адсарбента «Энтэрасгелю». Праблема дайшла да сацсетак, дзе пішуць, што не могуць знайсці прэпарат некалькі месяцаў.

«Энтэрасгелю» не было ў аптэках па ўсёй краіне тры месяцы. Ён праходзіў перарэгістрацыю. У пачатку мая ў продажы ў Мінску з’явілася першая партыя прэпарата», — тлумачаць у адным з каментароў.

Аптэчны сэрвіс tabletka.by паказвае наяўнасць пасты «Энтэрасгель» расійскай вытворчасці ў трох аптэках БСТфарм у Мінску па цане 38,5 рублёў. Судзячы па колькасці, указанай у пошукавым сэрвісе, лекаў шмат — ад 120 да амаль 500 штук у наяўнасці.

У сацсетках людзі дзеляцца, як ратуюцца ад кішэчных інфекцый без звыклага леку, ужываючы і кока-колу, і нават аналагічны прэпарат для жывёл.

Пры гэтым на нядаўна перанесеную кішэчную інфекцыю скардзяцца ў розных гарадах.

«Салідарнасць» спытала ў спецыяліста, наколькі цяпер верагодная ўспышка кішэчных інфекцый і як дапамагчы без «Энтэрасгелю».

— У кішэчных інфекцый пік захворвання прыпадае на лета, — тлумачыць у экспрэс-каментары сямейны лекар Мая Церакулава. — Але кішэчныя інфекцыі, не толькі ротавірус, а каля 600 розных, пастаянна цыркулююць у Беларусі.

Яны ніколі не знікаюць і могуць быць рознымі, зусім не абавязкова, што ўсе хварэюць адной і той самай.

— Ці можна ў такім стане, як раяць некаторыя, піць колу або спрайт?

— Не абавязкова колу або спрайт. Дапамагае любая рэгідратацыя, г.зн. любая вадкасць.

Салодкія напоі суб’ектыўна могуць палягчыць стан слабасці, бо падчас хваробы чалавек дрэнна сябе адчувае, губляецца шмат каларый, ён не можа есці і папаўняць іх дэфіцыт.

У такіх выпадках ідэальна падыходзяць рэгідратацыйныя растворы, асабліва для дзяцей, бо падчас кішэчных інфекцый мы губляем не толькі каларый, але пры ванітах і дыярэі яшчэ і солі.

Адзін з самых небяспечных ускладненняў пры кішэчных інфекцыях — абязводжванне, парушэнне вадна-электралітнага балансу.

Каб папоўніць запасы соляў, ёсць спецыяльныя рэгідратацыйныя растворы з аптэкі, напрыклад, «Нормагідрон» або «Рэгідрон». Можна ўжываць нейкія спартыўныя напоі з электралітамі, нават расол ад агуркоў, у прынцыпе, можна піць любую салёную вадкасць. Проста ў парашках з аптэкі склад збалансаваны.

У любым выпадку першае, што трэба рабіць пры страце фізіялагічных вадкасцей пры кішэчных інфекцыях, — кампенсаваць электраліты.

Акрамя гэтага, трэба шмат піць, і абсалютна ўсё роўна, што вы будзеце піць — колу, кампот, чай, курыны булён і г.д. — усё, акрамя малака.

Удакладню: калі не будзеце піць самастойна, усё можа скончыцца кропельніцай. Бо арганізму ўсё адно трэба папаўняць вадкасць.

Багатага піцця дастаткова, каб палягчэла. То-бок трэба прадухіліць абязводжванне.

У другую чаргу можна прымаць сарбенты: актываваны вугаль, «Смекта», «Энтэрасгель» і яго аналагі — наогул такіх прэпаратаў на рынку многа.

Пры гэтым «Смекта» будзе мець мацнейшы эфект. Аднак у любым выпадку ўсе гэтыя прэпараты палягчаюць сімптомы, але не паскараюць выздараўленне.

— Пры якіх захворваннях яшчэ неабходны менавіта «Энтэрасгель»?

— Пераважна яго рэкамендуюць пры харчовых атручваннях, кішэчных інфекцыях, але таксама прызначаюць пры алергічных рэакцыях, пры харчовай гіперчувальнасці.

— Аднак і ва ўсіх гэтых выпадках таксама можна выбраць любы сарбент, не абавязкова гэты.

Апошнія навіны