Літоўскі лукашысц, які ўцёк у Беларусь, трапіў у рэанімацыю
- 19.05.2026, 10:51
У яго здарыўся інфаркт.
Літоўскі грамадзянін Антанас Кандротас-Цэлафанас, якога беларускія прапагандысты «эвакуявалі» з Літвы і які паспеў даць беларускаму тэлебачанню «інтэрв’ю без цэнзуры і аглядкі», трапіў у Беларусі ў рэанімацыю. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат на апеляцыйным судзе ў Вільнюсе, паведамляе LRT.
Вільнюскі акруговы суд быў вымушаны адкласці разгляд апеляцыйных скаргаў прарасійскага літоўскага дзеяча Антанаса Кандротаса (вядомага пад мянушкай Цэлафанас). Пасяджэнне перанесена на 7 ліпеня з-за хваробы ягонага адваката Эрыкаса Ругенюса, а таксама з-за надзвычайных абставінаў з самім падазраваным.
Як вынікае з хадайніцтва, зачытанага ў судзе, Кандротас цяпер знаходзіцца ў Беларусі, дзе ў яго нібыта здарыўся інфаркт, і зараз ён праходзіць лячэнне ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі.
Антанас Кандротас-Цэлафанас — літоўскі прыхільнік Лукашэнкі і Пуціна, удзельнік прарасійскіх акцый у Вільнюсе.