Знішчальнікі НАТА збілі дрон над паветранай прасторай Эстоніі
- 19.05.2026, 13:55
Магчыма, ён быў украінскім.
У небе над Эстоніяй упершыню быў знішчаны беспілотнік. Папярэдне, гэта быў украінскі ўдарны дрон, які выпадкова апынуўся ў паветранай прасторы краіны. Інцыдэнт прывёў да абвяшчэння паветранай трывогі ў частцы краіны.
Пра гэта паведамляе эстонская рэдакцыя Delfi са спасылкай на міністра абароны Эстоніі Ханну Пэўкура.
Паводле слоў Пэўкура, беспілотны апарат быў збіты знішчальнікамі, якія патрулююць паветраную прастору краін Балтыі ў межах місіі НАТА.
Інцыдэнт адбыўся над возерам Выртс’ярв, размешчаным у цэнтральна-паўднёвай частцы Эстоніі — прыблізна пасярэдзіне паміж усходняй мяжой краіны з Расіяй і ўзбярэжжам Рыжскага заліва.
Гэта першы пацверджаны выпадак знішчэння падобнага лятальнага апарата над тэрыторыяй Эстоніі. Прычыны з’яўлення дрона ў паветранай прасторы краіны афіцыйна не ўдакладняюцца, аднак мяркуецца, што ён мог адхіліцца ад маршруту.