Узброеныя Сілы Украіны «разнеслі» два нафтавыя аб’екты РФ
- 19.05.2026, 16:41
Генштаб Узброеных Сіл Украіны раскрыў падрабязнасці ўдараў па НПЗ і нафтаперакачвальнай станцыі.
Сілы абароны Украіны на працягу 18 і 19 мая нанеслі ўдары па НПЗ «Лукойл-Ніжагароднафтааргсінтэз» і НПС «Яраслаўль-3». Пра гэта паведамілі у Генеральным штабе Узброеных Сіл Украіны.
Так, нафтаперапрацоўчы завод «Лукойл-Ніжагароднафтааргсінтэз», які размешчаны ў Кстове (Ніжагародская вобласць), быў паражаны 18 мая. У выніку ўдараў на тэрыторыі прадпрыемства зафіксаваны пажар. Маштабы шкоды на дадзены момант удакладняюцца.
У Генштабе дадаюць, што НПЗ «Лукойл-Ніжагароднафтааргсінтэз» з’яўляецца адным з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў РФ. Магутнасць перапрацоўкі складае каля 17 млн тон нафты ў год. Завод вырабляе бензін, дызельнае і авіяцыйнае паліва, якое выкарыстоўваецца для забеспячэння патрэб расійскіх акупацыйных войскаў.
У той жа час нафтаперакачвальная станцыя «Яраслаўль-3» у раёне населенага пункта Семібратава Яраслаўскай вобласці была паражана 19 мая. Зараз ступень нанесенай шкоды ўдакладняецца.
«Сілы абароны Украіны і надалей будуць сістэмна прымаць меры па зніжэнні ваенна-эканамічнага патэнцыялу ворага і поўным спыненні ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.