Славакія адмаўляецца ад расійскага газу
- 19.05.2026, 17:16
Знойдзена альтэрнатыўная крыніца.
Славакія плануе заключыць доўгатэрміновы кантракт з Азербайджанам на пастаўку прыроднага газу тэрмінам не менш як на 10 гадоў. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер-міністр Славакіі Томаш Тараба, піша прафільнае выданне ExPro.
Ініцыятыва звязана з патрабаваннямі ЕС аб паступовым спыненні імпарту расійскага прыроднага газу.
Паводле слоў Тарабы, Славакія разглядае Азербайджан як надзейнага партнёра, у прыватнасці пасля дапамогі з пастаўкамі падчас нядаўняга транзітнага крызісу ва Украіне.
Кіраўнік дзяржаўнай энергетычнай кампаніі SPP Мартын Гуска у сакавіку пацвердзіў, што кампанія вядзе папярэднія перамовы з SOCAR.
Раней SPP заключыла кароткатэрміновы пілотны кантракт з SOCAR, паводле якога пастаўкі газу пачаліся ў снежні 2024 г.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заяўляў пра гатоўнасць Баку падтрымліваць пастаўкі ў Цэнтральную Еўропу.