У ЕС прапанавалі змяніць тэрмін падаўжэння санкцый супраць Расіі
- 19.05.2026, 18:43
З шасці месяцаў да года.
Лідары краін ЕС абмяркуюць на саміце ў Бруселі ў чэрвені падаўжэнне тэрміну паўторнага зацвярджэння санкцый супраць Расіі з шасці месяцаў да года. Пра гэта піша Politico са спасылкай на крыніцы.
Паводле іх звестак, гэтая ідэя ўпершыню была агучаная падчас непублічных абмеркаванняў паміж прадстаўнікамі супольнасці на мінулым тыдні ў межах падрыхтоўкі да саміту. Падставай для яе ўзнікнення стаў нядаўні сыход з пасады прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана, які выступаў супраць любых ініцыятыў такога кшталту. Прапанова паступіла ад «некалькіх дыпламатаў з краін Паўночнай Еўропы», удакладняюць суразмоўцы агенцтва.
Гэта не адзіны крок, на які цяпер могуць сабе дазволіць пайсці чыноўнікі ЕС і краін, што ўваходзяць у яго, адзначае Politico. Двое дыпламатаў супольнасці заявілі выданню, што хочуць дамагчыся прыняцця дадатковага міні-пакета санкцый супраць Расіі яшчэ да чэрвеньскага саміту. Як сцвярджаюць крыніцы, заходы будуць накіраваныя супраць «ценявога флоту» і, магчыма, расійскай абароннай прамысловасці.
Пры гэтым, падкрэслівае выданне, адсутнасць Орбана не гарантуе аўтаматычнага поспеху прапановы аб павелічэнні тэрміну падаўжэння санкцый, бо сярод лідараў краін ЕС па-ранейшаму ёсць блізкія да яго па поглядах прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо і кіраўнік урада Чэхіі Андрэй Бабіш. Аднак, як заявілі Politico еўрапейскія дыпламаты, яны спадзяюцца, што Фіцо і Бабіш будуць больш згаворлівымі без венгерскага прэм’ера.