BE RU EN

Ізраіль затрымаў сястру прэзідэнта Ірландыі з флатыліяй для Газы

  • 19.05.2026, 19:36

Флатылію перахапілі ля ўзбярэжжа Кіпра.

Ізраільскія сілы перахапілі ля ўзбярэжжа Кіпра гуманітарную флатылію, якая накіроўвалася ў Газу, і затрымалі прынамсі шасцярых грамадзян Ірландыі. Сярод затрыманых — доктар Маргарэт Коналі — сястра прэзідэнта Ірландыі Кэтрын Коналі, паведамляе Sky News.

Аперацыя адбылася 18 мая ў міжнародных водах прыкладна ў 70 марскіх мілях ад Кіпра. Арганізатары флатыліі Global Sumud паведамілі, што ізраільцяне перахапілі не менш як 28 суднаў. Усяго ў флатыліі, што налічвала больш за 50 караблёў, удзельнічалі 426 чалавек з 39 краін. Арганізатары заявілі, што страцілі сувязь з перахопленымі суднамі, а шасцёра з 15 ірландскіх удзельнікаў апынуліся сярод затрыманых.

Ізраільскае знешнепалітычнае ведамства назвала флатылію правакацыяй і заявіла, што на борце не было гуманітарнай дапамогі. За гадзіну да перахопу Ізраіль заклікаў судны змяніць курс і неадкладна вярнуцца. Караблі выйшлі з порта на поўдні Турцыі ў чацвер, пры гэтым папярэднія спробы даставіць дапамогу ў Газу таксама перахопліваліся ізраільскімі вайскоўцамі ў міжнародных водах.

«Я вельмі ганаруся тым, што бяру ўдзел у гэтай флатыліі. Гэта найбуйнейшая флатылія на сённяшні дзень, і цяпер мы плывём у Газу, каб адкрыць гуманітарны шлях для дастаўкі настолькі неабходнай дапамогі і медыцынскіх прыналежнасцяў народу Газы. Я адчуваю сябе цалкам вымушанай — як маці, як лекарка і як чалавек — дапамагчы ў гэтай флатыліі», — сказала доктар Коналі ў сваім відэазвароце, запісаным, меркавана, перад затрыманнем.

Карэн Мойніхэн, ірландская каардынатарка флатыліі, назвала тое, што адбылося, выкраданнем і заклікала ўрад Ірландыі адрэагаваць. У Дубліне заявілі, што службовыя асобы актыўна сочаць за сітуацыяй і акажуць затрыманым кансульскую дапамогу.

Апошнія навіны