BE RU EN

Па абвінавачанні ў карупцыі затрымалі больш за 20 працаўнікоў лясной галіны

  • 19.05.2026, 21:26

Некаторыя гулялі і па-вялікаму.

У сакавіку–красавіку па падазрэнні ў карупцыі затрымалі больш за 20 працаўнікоў лясной гаспадаркі. Пра гэта паведамілі ў Мінлясгасе.

У сакавіку–красавіку 2026 года сілавікі затрымалі больш за 20 працаўнікоў лясной гаспадаркі — ад майстроў лесу да дырэктараў лясгасаў і галоўных спецыялістаў аднаго з дзяржаўных вытворчых лясагаспадарчых аб’яднанняў (ГПЛХО).

Яны з’яўляюцца фігурантамі крымінальных спраў. Большасць абвінавачваецца ва ўзяточніцтве, частка — у крадзяжы драўніны праз злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

«Напрыклад, выканаўца абавязкаў дырэктара аднаго з лясгасаў Віцебскай вобласці ў чэрвені 2025 года за садзейнічанне ў выдзяленні прыватнай асобе ліквідных дзялянак для нарыхтоўкі драўніны і афармленні ордэраў на нарыхтоўку драўніны і яе вываз прыняў у якасці хабару… частку свіной тушкі, вагой не менш за 20 кілаграмаў і коштам не менш за 240 рублёў», — расказалі ў Мінлясгасе.

Некаторых затрымалі за садзейнічанне прадпрымальнікам у арганізацыі дробнага адпуску драўніны на корані, а таксама за арганізацыю адгрузкі больш якасных піламатэрыялаў, чым прадугледжана дамовамі. Сума хабараў часта складала «ўсяго некалькі сотняў рублёў».

Але некаторыя гулялі і па-вялікаму. Так, кіраўнік аднаго з лясгасаў Магілёўскай вобласці абвінавачваецца ў атрыманні амаль 240 тысяч рублёў. Хабар яму даваў прадстаўнік прыватнай кампаніі — за заключэнне дамоваў на распілоўку і транспартаванне драўніны, іх своечасовую аплату.

Шэраг працаўнікоў галіны ўжо вызваленыя з займаных пасадаў па дыскрэдытуючых абставінах. Адказнасць чакае і некаторых кіраўнікоў — за непрыманне належных мер па кантролі дзейнасці падначаленых.

«Гледзячы на геаграфію злачынстваў, лічу, пэўную ролю адыграў фактар глыбінкі, наіўнае меркаванне пра тое, што злачынствы, учыненыя ў Суражы або Камарыне, ніколі не трапяць у поле зроку праваахоўных органаў. Гэта памылковае меркаванне», — пракаментаваў кіраўнік Мінлясгаса Аляксандр Кулік.

Апошнія навіны