BE RU EN

Варшаўскі аэрапорт імя Шапэна — адзін з самых бяспечных і пунктуальных у Еўропе

  • 19.05.2026, 21:56

Лепшы толькі аэрапорт у Стакгольме.

Варшаўскі аэрапорт імя Фрыдэрыка Шапэна ўвайшоў у лік самых пунктуальных аэрапортаў Еўропы. У рэйтынгу Air Advisor ён заняў другое месца — пасля аэрапорта ў Стакгольме, перадае «Польскае радыё».

Пры ацэнцы ўлічваліся не толькі пунктуальнасць рэйсаў, але і бяспека. Пётр Рудзкі, прэс-сакратар аэрапорта імя Шапэна, параўнаў варшаўскі і стакгольмскі аэрапорты:

«Абодва аэрапорты ў гэтым рэйтынгу як адзіныя атрымалі статус самых бяспечных. Гэта вынік супрацоўніцтва многіх структур: аэрапорта, дыспетчараў паветранага руху, авіякампаній і агентаў наземнага абслугоўвання».

У варшаўскім аэрапорце асноўныя працы па пашырэнні тэрмінала павінны пачацца на пачатку наступнага года. Цяпер працягваецца пашырэнне адной са стаянак для самалётаў.

Пасля пашырэння аэрапорт зможа абслугоўваць да 30 мільёнаў пасажыраў у год. Завяршэнне прац запланавана на 2029 год.

Апошнія навіны