Найбуйнейшы Z-канал ваенных карэспандэнтаў жорстка раскрытыкаваў Міністэрства абароны Расіі
- 20.05.2026, 13:22
Праз фэйкі пра сітуацыю на фронце ва Украіне.
Мінабароны РФ працягвае паведамляць пра неіснуючыя поспехі на фронце ва Украіне. У сярэдзіне мая вайсковае ведамства адрапартавала пра захоп населенага пункта Баравая ў Харкаўскай вобласці, аднак да таго моманту ўкраінскім сілам удалося выбіць расійскія войскі з вёскі, піша найбуйнейшы па колькасці падпісчыкаў Z-канал «Рыбарь». Паводле ягоных дадзеных, у канцы красавіка расійскія падраздзяленні правялі серыю атак і «зачапіліся» за забудову ў Баравой, але ўжо на пачатку мая забеспячэнне штурмавых атрадаў было парушана, і яны адкаціліся назад, піша The Moscow Times.
Аднак пасля гэтага пачалі з’яўляцца відэа, нібыта пацвярджаючыя ўзяцце Баравой. Большая частка з іх была знятая за 25 км ад вёскі на тэрыторыі населенага пункта Каламыйчыха, які даўно знаходзіцца пад кантролем расійскіх вайскоўцаў. «Цікава, што Каламыйчыха не ўпершыню адыгрывае ролю дэкарацыі для фальшывых дакладаў: раней там здымалі «кантроль» над Наваплатонаўкай пасля крайне няўдалага штурму», — адзначыў «Рыбарь». Тым жа чынам, паводле ягоных дадзеных, здымку ў тылавой Таўолжанцы выдавалі за кантроль над Куп’янскам. Тым часам ілжывае паведамленне пра захоп Баравой стала падставай для міністра абароны РФ Андрэя Белавусава павіншаваць з гэтым «поспехам» вайскоўцаў 423-га гвардзейскага матастралковага палка. Ён падзякаваў камандаванню і вайскоўцам за «выкананне задач і службу».
Да гэтага пра ўзяцце Баравой паведамляў начальнік Генштаба РФ Валерый Герасімаў. У лістападзе мінулага года ён таксама заяўляў пра «вызваленне» Куп’янска, які расійская армія дагэтуль не кантралюе. Пры гэтым Герасімаў ужо рапартаваў пра захоп Куцькоўкі і Вялікай Шапкоўкі, якія знаходзяцца заходней ад Куп’янска. Акрамя таго, ён сцвярджаў, што пад кантролем расійскіх войскаў знаходзіцца 85% Чырвонага Лімана, тады як Z-каналы пісалі, што баі ідуць толькі на ўскраінах горада і істотных змяненняў абстаноўкі няма.
Насамрэч прасоўванне расійскай арміі ва Украіне запаволілася, а ў маі практычна спынілася. Паводле даных украінскага маніторынгавага канала DeepState, за 11 дзён мая войскі РФ занялі 29 кв. км украінскай тэрыторыі. Пры гэтым яшчэ ў студзені ім удалося захапіць 245 кв. км, а ў лютым, сакавіку і красавіку тэмп наступлення складаў 120–160 кв. км. Запаволенне адбылося з-за ўзмацнення атак ЗСУ па расійскай лагістыцы. Цяпер, каб захапіць 1 кв. км украінскай тэрыторыі, расійскім войскам трэба ў сярэднім правесці 36 атак.