ЗША адказалі на ядзерныя вучэнні Крэмля пускам ракеты
- 20.05.2026, 16:36
Яна здольная даляцець да Масквы.
ЗША правялі паспяховы выпрабавальны пуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты (МБР) Minuteman III, здольнай даляцець да Масквы, пасля таго як Расія пачала найбуйнейшыя ў найноўшай гісторыі краіны ядзерныя вучэнні. Як паведамілі ВПС ЗША, ракету запусцілі 20 мая з базы Вандэнберг у Каліфорніі, і яна праляцела каля 6,8 тыс. км.
Максімальная далёкасць палёту Minuteman III складае 13 тыс. км, што дазваляе ёй паражаць мэты на любым кантыненце. У ВПС ЗША паведамілі, што пуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты быў часткай комплекснай праверкі як самой сістэмы, так і падрыхтоўкі персаналу, які абслугоўвае ядзерныя сілы ЗША.
Вайсковыя спецыялісты адсочвалі траекторыю палёту, ацэньваючы працу рухавікоў, сістэмы навядзення і баявога блока ў умовах экстрэмальных нагрузак. Па словах камандуючага Камандаваннем глабальных удараў ВПС ЗША Стывена Дэйвіса, выпрабаванні пацвердзілі баявую гатоўнасць стратэгічных сіл краіны і спраўнасць усіх ключавых кампанентаў ракеты LGM-30 Minuteman III.
Выпрабавальны пуск адбыўся на наступны дзень пасля пачатку ў Расіі трохдзённых вучэнняў па адпрацоўцы ядзернага ўдару «ў умовах пагрозы агрэсіі».
Як паведамілі ў Міністэрстве абароны РФ, у манеўрах задзейнічаны больш за 64 тысячы вайскоўцаў і звыш 7,8 тысячы адзінак тэхнікі, уключаючы стратэгічныя падводныя лодкі, ракетныя комплексы і авіяцыю. У рамках вучэнняў расійскія вайсковыя плануюць выканаць пускі балістычных і крылатых ракет па палігонах на тэрыторыі краіны.