BE RU EN

Петер Мад’яр у Варшаве выступіў за ўзмацненне ролі Вышэградскай групы

  • 20.05.2026, 21:14

Прэм’ер Венгрыі таксама разлічвае на больш цеснае ўзаемадзеянне з краінамі Скандынавіі.

У Польшчы з двухдзённым візітам знаходзіцца прэм’ер-міністр Венгрыі Петер Мад’яр. Учора ён прыбыў у Кракаў, дзе, у прыватнасці, усклаў кветкі да помніка папу-паляку Яну Паўлу II.

Сёння венгерскі прэм’ер ужо ў Варшаве сустрэўся з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, пасля чаго на сумеснай прэс-канферэнцыі заявіў, што Польшча з’яўляецца для яго краіны і ўрада добрым прыкладам таго, як вярнуць дзяржаву ў еўрапейскае рэчышча, перадае «Польскае радыё».

Прэм’ер Венгрыі дадаў, што акрамя агульнай гісторыі неабходнае таксама штодзённае практычнае супрацоўніцтва. Мад’яр запрасіў Туска на чэрвеньскі саміт Вышэградскай групы, які завершыць венгерскае старшынства ў гэтай арганізацыі.

Выступаючы ў Варшаве, венгерскі палітык падкрэсліў, што лічыць адной са сваіх мэт развіццё супрацоўніцтва ў рэгіёне Цэнтральнай Еўропы.

«Венгрыя будзе партнёрам Польшчы, а таксама, вядома, Славакіі і Чэхіі ва ўсім, каб Вышэградская група вярнула сабе былую моц, уплыў і значэнне, што важна і для Еўрапейскага саюза. Сэрца Еўропы сёння б’ецца ў Цэнтральнай Еўропе, і мы павінны разам працаваць над тым, каб яно білася як мацней толькі магчыма», — заявіў Петер Мад’яр.

Венгерскі прэм’ер хоча далучыць да цэнтралеўрапейскага супрацоўніцтва і іншыя краіны рэгіёна — ад Аўстрыі і Балканаў да Румыніі. Петер Мад’яр таксама разлічвае на больш цеснае ўзаемадзеянне з краінамі Скандынавіі.

Пасля сумеснай прагулкі з венгерскім лідарам па вуліцах горада кіраўнік польскага ўрада Дональд Туск адзначыў выключнае значэнне змены ўлады ў Будапешце.

«Твая перамога і твой візіт тут, у месцы, дзе нарадзілася «Салідарнасць», — гэта вельмі важны знак для людзей ва ўсёй Еўропе і ва ўсім свеце, што еўрапейская вясна адрадзілася. Яна зноў пачалася, як калісьці «Вясна народаў», Будапешт, Варшава, Гданьск… І сёння мы ўсе глыбока верым у тое, што дзякуючы такім людзям, як ты, вясна ў Еўропе ніколі не скончыцца», — сказаў польскі прэм’ер.

Прэм’ер-міністры Польшчы і Венгрыі ў Гданьску сустрэліся з былым прэзідэнтам і лідарам «Салідарнасці» Лехам Валэнсай.

Раней у Варшаве Петер Мад’яр сустрэўся з прэзідэнтам Польшчы Каролем Навроцкім і спікерамі Сейма і Сената Уладзімежам Чажастым і Мальгожатай Кідавай-Блоньскай.

Гэта першы афіцыйны замежны візіт Петэра Мад’яра пасля ўступлення на пасаду прэм’ер-міністра Венгрыі.

Апошнія навіны