Мерц прапанаваў прыняць Украіну ў ЕС
- 21.05.2026, 12:25
На правах асацыяванага члена.
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц прапанаваў стварыць для Украіны новы фармат адносінаў з Еўразвязам — статус «асацыяванага члена» ЕС. Ідэю разглядаюць як прамежкавы этап перад поўнавартасным уступленнем краіны ў саюз, піша агенцтва Reuters (пераклад — сайт Charter97.org).
Мерц накіраваў ліст кіраўнікам краін ЕС, у якім прапанаваў дапусціць украінскіх прадстаўнікоў да самітаў і сустрэч міністраў Еўразвязу, аднак без права голасу.
Паводле задумы Берліна, такі фармат павінен умацаваць палітычную сувязь Украіны з ЕС і адначасова стаць часткай магчымага мірнага ўрэгулявання вайны. У Германіі лічаць, што перспектыва інтэграцыі ў Еўропу дапаможа Кіеву прыняць кампрамісныя ўмовы міру, нават калі Украіна не зможа вярнуць усе тэрыторыі або хутка ўступіць у НАТА.
Сярод абмяркоўваных мераў — з’яўленне ўкраінскіх прадстаўнікоў у Еўрапарламенце без права голасу, а таксама прызначэнне спецыяльнага асацыяванага камісара ў Еўракамісіі.
Пры гэтым прапанова прадугледжвае механізм адмены статусу ў выпадку адкату рэформаў або парушэння дэмакратычных прынцыпаў.
Поўнавартаснае ўступленне Украіны ў ЕС у бліжэйшыя гады ў Еўропе лічаць малаверагодным, аднак Мерц настойвае на стварэнні выразнай і палітычна зразумелай траекторыі інтэграцыі. У бліжэйшы час ініцыятыву плануюць абмеркаваць з кіраўнікамі краін Еўразвязу.