BE RU EN

Paramount пачала працу над чацвёртай часткай «Хроснага бацькі»

  • 21.05.2026, 19:05

Фільм будзе заснаваны на рамане «Конні».

Кінакампанія Paramount Pictures пачала працу над чацвёртай часткай «Хроснага бацькі». Фільм будзе заснаваны на рамане «Конні», які выйдзе ў 2027 годзе. Пра гэта (Associated Press https://apnews.com/) паведаміла выдавецтва Random House, якое набыло правы на сам раман. Паводле звестак агенцтва, гісторыя злачыннага клана Карлеонэ ўпершыню расказаная ад імя жанчыны.

Раман напісала Адрыяна Трыджані — амерыканская пісьменніца, аўтарка васямнаццаці бестселераў. Яна стала першай жанчынай, якая напісала раман у сусвеце «Хроснага бацькі». Паводле AP, «Конні» ўхвалілі спадкаемцы аўтара першых раманаў Марыё П’юзо.

Выход рамана «Конні» запланаваны на восень 2027 года. У цэнтры сюжэту — Канстанцыя (Конні) Карлеонэ. Яна — малодшае дзіця і адзіная дачка дона Віта Карлеонэ і Кармэлы Карлеонэ. Яе ролю ў трох фільмах «Хросны бацька» выканала Талія Шайр, сястра рэжысёра Фрэнсіса Форда Копалы.

«Конні» — гэта раман пра тое, як жанчына спрабуе пракласці ўласны шлях у свеце, які ўжо вырашыў, хто яна, што яна сабой уяўляе і як да яе варта ставіцца», — заявіла Трыджані.

Сага «Хросны бацька» пачалася з аднайменнага рамана Марыё П’юзо, які выйшаў у 1969 годзе. У 1972 годзе Фрэнсіс Форд Копала выпусціў экранізацыю рамана. Рэжысёр зняў яшчэ дзве часткі гісторыі — у 1974 і 1990 гадах. Прадстаўнік спадара Копалы назваў «малаверагодным», што 87-гадовы рэжысёр у бліжэйшы час будзе здымаць чацвёртую частку сагі, перадае The Hollywood Reporter.

Апошнія навіны