Спявак Аляксей Хлястоў запісаў відэазварот
- 22.05.2026, 11:29
Ён прасіў распаўсюдзіць яго.
У акаўнце затрыманага спевака Аляксея Хлястова апублікавана відэа, у якім ён распавёў пра «прафілактычныя» размовы з ім у сілавікоў, у тым ліку ў ГУБАЗіКу. Хлястоў просіць распаўсюдзіць гэтае відэа для сваёй абароны.
Ён кажа, што ўпершыню яго запрасілі на размову ў ДАІ нібыта за парушэнне ПДР, што ён карыстаўся тэлефонам падчас руху.
«Калі я выкладваю гэтае відэа, значыць, я не дома і не на працы. Хутчэй за ўсё, я знаходжуся на прафілактычнай размове, якая ўжо адбываецца трэці раз. Першы раз я быў запрошаны ў ГУБАЗіК на Рэвалюцыйную, была вельмі незразумелая размова, зусім незразумелая. Я не здолеў нічога адказаць. У пятніцу я выйшаў і працягнуў працаваць у таксі. У панядзелак мяне запрасілі ў ГУУС. Я туды прыехаў самастойна. Сёння мяне запрасілі ў транспартную міліцыю ці транспартную службу на Партызанскі праспект. Я мяркую, што буду альбо затрыманы, альбо будзе зноў размова. Ніякіх неправамерных дзеянняў я не здзяйсняў, нічога супрацьзаконнага не рабіў, таму прашу распаўсюдзіць гэтае відэа, каб звярнулі ўвагу адпаведныя органы. Каб маглі абараніць мяне як грамадзяніна РБ», — кажа Аляксей.
Сёння ўначы жонка Аляксея паведаміла ў сацсетках, што муж знаходзіцца на Акрэсціна.