Узброеныя сілы Украіны паразілі адзін з найбуйнейшых расійскіх НПЗ
- 22.05.2026, 13:22
Зяленскі паведаміў падрабязнасці.
У ноч на 22 мая украінскія беспілотнікі нанеслі ўдар па Нова-Яраслаўскім нафтаперапрацоўчым заводзе (НПЗ ПАО «Славнефть-ЯНОС») — адным з пяці найбуйнейшых у Расіі. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. «Сёння ўначы Узброеныя сілы Украіны дзейнічалі ў накірунку НПЗ у Яраслаўлі — прыкладна за 700 кіламетраў ад нашай тэрыторыі. Мы вяртаем вайну дадому, у Расію, і гэта цалкам справядліва», — напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале па выніках дакладу галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Украіны Аляксандра Сырскага «аб ужыванні беспілотнікаў супраць расійскай нафтаперапрацоўкі і экспартных пазіцый». Ён дадаў, што Кіеў рыхтуе і іншыя «далёкабійныя санкцыі» ў адказ на расійскія ўдары па украінскіх гарадах.
Кадры атакі раней апублікаваў тэлеграм-канал Exilenova+. Прааналізаваўшы відэа, ASTRA пацвердзіла, што верагоднай мэтай начнога ўдару украінскіх беспілотнікаў быў НПЗ ПАО «Славнефть-ЯНОС». Да гэтага губернатар Яраслаўскай вобласці Міхаіл Яўраеў паведамляў пра «адбіццё атакі БПЛА» на рэгіён.
НПЗ «Славнефть-ЯНОС» перапрацоўвае каля 15 млн тон нафты ў год. Прадпрыемства з'яўляецца асноўным перапрацоўчым актывам кампаніі «Славнефть», 99,7% акцый якой на парытэтных пачатках кантралююць «Раснафта» і «Газпрам».
З пачатку паўнамаштабнай вайны, паводле падлікаў выдання «Вот Так», Узброеныя сілы Украіны атакавалі расійскія НПЗ не менш як 158 разоў. Пад удары трапілі 24 з 33 прадпрыемстваў магутнасцю ад 1 млн тон нафты ў год. Калі ў першы год вайны атак на НПЗ не было, то ў 2023-м іх налічылі 4, у 2024-м — 34, а ў 2025-м — ужо 88. За няпоўныя пяць месяцаў 2026 года украінскія дроны білі па нафтаперапрацоўчых заводах 33 разы — больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (24). У цэнтральнай Расіі, паводле даных Reuters, практычна не засталося буйных НПЗ (магутнасцю ад 10 млн тон), якія не прыпынілі б працу з-за удараў.