На Мінскім моры з’явіцца «мініяцюрная Турцыя»
- 22.05.2026, 14:18
З фудкортам, кінатэатрам і ігравымі зонамі.
Гэтым летам на беразе Мінскага мора адкрыецца новая прастора пад назвай арт-парк «Порт». Ён размесціцца на абноўленай закрытай тэрыторыі санаторыя «Прыморскі». Арганізатары абяцаюць так званую мініяцюрную Турцыю з фудкортам, кінатэатрам і ігравымі зонамі. Калі можна будзе затэсціць лакацыю? Пра гэта піша onliner.by.
На тэрыторыі арт-парка адкрыецца вялікая колькасць забаў: фудкорт, арт-аб’екты, кінатэатр, дзіцячая пляцоўка, пункт пракату шэзлонгаў і парасонаў, крытая альтанка, зоны для гульняў у тэніс, фрысбі. Тут жа арганізуюць пракат сапбордаў, катамаранаў, лодак і нават яхт. Плануецца асобная зона кіберспорту. А ў санаторыі «Прыморскі» можна будзе ўзяць ровары, арандаваць футбольнае, баскетбольнае або бадмінтоннае поле, наведаць крыты басейн або арандаваць альтанку на вялікую кампанію.
— «Порт» — гэта не проста месца, гэта асаблівая атмасфера, якая будзе рэгулярна змяняцца і дарыць людзям новыя эмоцыі, — дзеляцца арганізатары праекта. — Мы плануем аб’яднаць нацыянальную культуру, забавы і адпачынак для ўсёй сям’і, а таксама пазнаёміць сталіцу з новымі трэндамі адпачынку на пляжы пад адкрытым небам. Тут кожны знойдзе нешта для сябе: актыўны адпачынак, культурныя падзеі, сямейныя забавы і модныя тусоўкі.
Кожныя выхадныя на пляцоўцы будуць праходзіць розныя мерапрыемствы: вечарынкі, фестывалі і спартыўныя падзеі. У перспектыве — канцэрты вядомых беларускіх і расійскіх выканаўцаў.
Але задавальненне гэта не бясплатнае. У буднія дні дарослы квіток абыдзецца ў 15 рублёў. А ў выхадныя дні (пятніца, субота, нядзеля) кошт будзе вагацца ад 20 да 30 рублёў. Дзіцячы і льготны ўваход на пляцоўку ацэнены ў 10 рублёў. Але гэта яшчэ не ўсё. За ўезд на тэрыторыю санаторыя «Прыморскі», дзе размешчаны арт-парк, прадугледжана дадатковая плата — 10 рублёў.
«Порт» пачне працаваць у тэставым рэжыме з 5 чэрвеня, а афіцыйнае адкрыццё прызначана на 12–14 чэрвеня.