Знаёмая Хлястова: Улады раздражняла тое, што людзі выказвалі Аляксею падтрымку
- 22.05.2026, 17:02
Трыгерам стала інтэрв'ю спявака.
Пасля затрымання спявака Аляксея Хлястова яго родныя ў сацсетках працягваюць атрымліваць сотні каментарыяў з падтрымкай.
— Калі Лёшу знайшлі ў таксі, пачаўся проста нейкі неверагодны бум, усе пачалі яго падтрымліваць, спяваць яго песні, — падзялілася з «Салідарнасцю» на ўмовах ананімнасці знаёмая Хлястова. — Ён пачаў праводзіць эфіры ў сацсетках, і людзі прыходзілі да яго тысячамі. Было бачна, наколькі ён сам быў рады і шчаслівы.
Бо гэта цяжка, калі артыста пазбаўляюць сцэны і ўсяго. І тут раптам ён адчуў, што камусьці патрэбны. І не проста патрэбны — гэта проста сапраўдная народная любоў.
Тады ўжо стала зразумела, што над ім павіс гэты дамоклаў меч. Вядома, улады раздражняла тое, што людзі выказвалі Лёшу падтрымку і любоў — без пастаноўкі, без прымусу, зусім бясплатна.
А трыгерам, хутчэй за ўсё, стала яго нядаўняе інтэрв'ю, дзе ён і распавёў пра гэтую любоў. Яно выйшла некалькі тыдняў таму на зусім невядомым маленькім канале. Але як толькі яго знайшлі, яно стала папулярным.
Проста мэтай уладаў было заганяць Лёшу пад плінтус, каб сядзеў ціхенька і ніхто яго не памятаў. А атрымалася роўна наадварот.
Ён зноў становіцца папулярным, людзі спяваюць яго песні, выпускаюць процьму сторыс, процьму рэпостаў. Гэта проста нейкі беларускі флэшмоб у падтрымку Хлястова.
Пасля затрымання ў сацсетках з'явілася відэа, якое Хлястоў запісаў напярэдадні: ён пацвердзіў, што сілавікі праяўляюць да яго павышаную ўвагу і распавёў, што яго ўжо тройчы выклікалі з дзіўных прычын розныя сілавыя структуры. Відавочна, Аляксей дапускаў і ўласнае затрыманне.
Нагадаем, Аляксей Хлястоў (шмат гадоў выступаў на мерапрыемствах, арганізаваных дзяржаўнымі органамі, гарадскіх і рэспубліканскіх святах.
У нядаўнім інтэрв'ю YouTube-каналу OPUSHKA ён распавёў, што з 2021 года яго патаемна «скасавалі» як спевака. Ён рассылаў рэзюмэ ў розныя кампаніі, але ўсюды атрымліваў адказы «па пэўных прычынах». З-за праблем з працаўладкаваннем артыст уладкаваўся працаваць у таксі.
Беларуская рада культуры ў лютым 2023 года пісала, што Хлястоў трапіў у спіс з 87 калектываў і артыстаў, чые песні забаронена выконваць у Беларусі. Мяркуецца, што яго склалі ў КДБ і перадалі дзяржаўным установам, звязаным з арганізацыяй канцэртаў.