Суверэнны лімузін Пуціна назвалі нямецкай распрацоўкай пачатку 2000-х з кітайскай падвескай
- 22.05.2026, 18:38
Праект лімузіна «Кортэж» — гэта «суперавантура па распіле бюджэту».
Суверэнны лімузін Aurus, якім карыстаецца Уладзімір Пуцін, можа аказацца аўтамабілем на базе нямецкай платформы пачатку 2000-х з кітайскай падвескай. З такой думкай у эфіры Breakfast Show выступіў аўтаэксперт Сяргей Асланян. Ён таксама сцвярджае, што праект лімузіна «Кортэж» — гэта «суперавантура па распіле бюджэту», перадае The Moscow Times.
Паводле слоў Асланяна, Aurus першапачаткова ствараўся як «нацыянальны сімвал Уладзіміра Уладзіміравіча». На яго запуск былі выдзелены мільярды рублёў, пры гэтым разлік будаваўся на масавую вытворчасць да 5000 машын у год. Але пакуль больш за сотню пабудаваць не атрымліваецца з-за праблем з кампанентамі і лакалізацыяй.
Эксперт таксама паставіў пад сумнеў гісторыю пра прычыны зборкі Aurus у Эміратах. Паводле яго слоў, пасля візіту віцэ-прэм'ера РФ Дзяніса Мантурава і заяў пра адкрыццё вытворчасці ў ААЭ так і не з'явілася ніводнай фатаграфіі з гэтага завода. «У свеце не існуе фотаздымкаў з гэтага завода. Завадская прахадная, канструктарскае бюро, цэх зборкі. Ніводнай уцечкі», — сказаў ён. На яго думку, ідзе хутчэй пра схему закупкі замежных кампанентаў, чым пра паўнавартасную вытворчасць.
Асланян кажа, што Aurus — гэта вытворнае ад Volkswagen Phaeton. «Volkswagen Phaeton з нямецкім рухавіком... Гэта нямецкая машына на цалкам кітайскай падвесцы», — заявіў ён. Volkswagen Phaeton быў пабудаваны на платформе Volkswagen Group D1, распрацаванай у 2002 годзе для флагманскіх аўтамабіляў люкс-класу. Гэта ж архітэктура выкарыстоўвалася для Bentley Continental GT і Bentley Flying Spur.
Aurus быў распрацаваны інстытутам НАМИ ў партнёрстве з Sollers у межах праекта «Кортэж» у 2013 годзе. Фінансаванне праекта склала 12,4 млрд руб. Упершыню лімузін Senat паказалі на інаўгурацыі Пуціна 7 мая 2018 года, а серыяйная вытворчасць пачалася ў маі 2021-га ў Елабуге. Магутнасць пляцоўкі заяўленая на ўзроўні 5000 машын у год, а кошт аўтамабіля складае 50 млн рублёў.
Пасля пачатку серыяйнай вытворчасці Aurus і далей залежаў ад імпартных кампанентаў. Як мінімум да 2023-га года для яго закупалі кузавы, датчыкі, кантролеры, перамыкачы, зварачнае абсталяванне і іншыя дэталі з Паўднёвай Карэі, Кітая, Індыі, Турцыі і краін ЕС. Праект ад самага пачатку абапіраўся на замежную інжынерную базу, а рухавік ствараўся разам з Porsche Engineering.
У апошнія гады праект перажывае перабудову. У лістападзе мінулага года, паводле «Ведамасцяў», 51% вытворцы люкс-аўтамабіляў атрымаў «Газпрам». У верасні 2025 года ў кампаніі змяніўся гендырэктар. Замест Андрэя Панкова яе ўзначаліў Андрэй Багінскі, былы кіраўнік авіябудаўнічай кампаніі «Якаўлеў».