Дрон заляцеў у Латвію, упаў у возера і выбухнуў
- 23.05.2026, 14:20
Паліцыя неадкладна выехала на месца.
Каля 08:00 23 мая паліцыя Латвіі атрымала паведамленне ад жыхароў пра падзенне беспілотнага лятальнага апарата ў возера Дрыдзіс у Комбульскай воласці Краслаўскага краю, дзе пры кантакце з вадой ён здэтанаваў. Пацярпелых у інцыдэнце няма, піша Delfi са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва LETA.
Паліцыя неадкладна выехала на месца і пачала абследаванне тэрыторыі. Былі выяўленыя магчымыя абломкі беспілотніка.
Паколькі зона абследавання абшырная, да работ прыцягнутыя дадатковыя сілы, уключаючы супрацоўнікаў Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы з лодкай і падраздзяленні Нацыянальных узброеных сіл, а таксама дадатковыя паліцэйскія дроны.
Службы працягваюць працу на месцы здарэння. Паліцыя заклікае жыхароў не набліжацца да месца інцыдэнту і паведамляць пра любыя знойдзеныя абломкі.
Чаму не было апавяшчэння?
Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі паведамілі агенцтву LETA, што датчыкі не зафіксавалі ўлятанне беспілотніка на тэрыторыю Латвіі. Таму таксама не было даслана SMS сістэмы масавага апавяшчэння.
«Я знаходжуся на сувязі з адказнымі службамі, якія працуюць у Краслаўскім краі ў раёне возера Дрыдзіс пасля падзення і выбуху беспілотнага лятальнага апарата ў возеры. Чакаю ад службаў максімальна падрабязнай інфармацыі аб абставінах здарэння і далейшых дзеяннях», — напісала ў сетцы X экс-прэм'ер-міністр Эвіка Сіліня.
Яна заклікала жыхароў сачыць за афіцыйнай інфармацыяй.